Падарылі святочны настрой

Главное Новости

день матери 150 (Small)Штогод 14 кастрычніка актавая зала ўстановы адукацыі “Опсаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” дружна расчыняе дзверы для самых лепшых і блізкіх людзей — нашых дарагіх матуль. Пад гукі прыемнай мелодыі пачаўся святочны канцэрт “У імя нашых маці”. Незвычайная атмасфера дабрыні і пяшчоты панавала ў зале. Музычныя і танцавальныя нумары, падрыхтаваныя педагогам-арганізатарам установы Таццянай Стэфановіч і настаўніцай музыкі Ірынай Зыкавай, выклікалі толькі захапленне юнымі талентамі навучэнцаў 1-11 класаў, тым больш, што гледачамі былі самыя лепшыя знатакі — іх мамы. Менавіта ім гарачыя любоўю сэрцы падарылі ў гэты дзень дзеці.
А як толькі адгрымелі акорды фінальнай песні, члены піянерскай дружыны “Спартак” выйшлі на вуліцы аграгарадка Опса з акцыяй “Кветкі — маці”. Дзеці віншавалі ўсіх сустрэчных жанчын букетамі кветак і ўсмешкамі, тым самым унеслі святочную і сонечную атмасферу ў гэты пахмурны восеньскі дзень.
Здавалася б, ну вось і ўсё. Фінальная кропка свята пастаўлена. Але не. Бо менавіта ў гэты дзень ужо на працягу многіх гадоў члены піянерскай дружыны віншуюць выдатную жанчыну ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Раісу Аляксееўну Шыкалаву з Днём нараджэння. Цёплыя словы, невялічкі сувенір, кветкі атрымала ветэран у гэты святочны дзень. Яна з задавальненнем паразмаўляла з вучнямі пра тое, што будучаму пакаленню трэба берагчы мір на зямлі, каб заўсёды былі сонца, дзеці і матуля.

Аляксандра Крупко,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці.