Пад барабанны дробат

Главное

0009 (Small)Гэты незвычайны калектыў з’явіўся пры РДК сёлета. Ініцыятыва стварэння ў кожным раёне ансамбля барабаншчыц зыходзіла з вобласці. Аднак, як кажуць, адна справа спусціць дырэктыву зверху, а іншая – увасобіць яе ў жыццё. Цяжэй за ўсё было знайсці чалавека, які возьмецца за гэта, бо такіх спецыялістаў на Браслаўшчыне не было.
Справу даручылі балетмайстру РДК Кацярыне Бабчонак. Дзяўчына яна адказная і працуе ў культуры не першы год. Напачатку Кацярына сама па інтэрнэце пачала пазнаваць сакрэты барабаннага дробату, вывучала тэхніку руху пры гэтым і г.д. Затым па падказцы начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Івана Абаровіча звярнулася да дырэктара СШ №1 Тамары Стома з просьбай падабраць дзяўчат амаль аднаго росту, камплекцыі для ансамбля барабаншчыц. Удалося. Справа зрушылася з месца. Калі з дзяўчатамі крыху вывучылі азы руху, упёрліся, а на чым жа практыкавацца дробату. Пашанцавала: знайшлі стары піянерскі барабан і самаробныя палачкі. Вось так і зарадзіўся ансамбль барабаншчыц.
Пазней закупілі касцюмы, абутак, барабаны. На ўсё гэта грошы выдзеліла вобласць. Каб было агульнае гучанне інструментаў, работнік РДК Яўген Нагманаў настроіў кожны барабан. “Баявое” хрышчэнне калектыў атрымаў на абласным конкурсе “Віват, аркестр!”, які праходзіў у Лепелі. І якое ж задавальненне адчулі дзяўчаты і іх кіраўнік, калі пасля зводнай рэпетыцыі ансамбляў з розных раёнаў наш узначаліў урачыстую калону барабаншчыц. Яны выдзяляліся зладжанасцю, тактам, адточанымі рухамі, што прыдавала асаблівы шарм. З конкурсу дзяўчаты прыехалі задаволеныя сваім першым поспехам і з дыпломам.
У Браславе ў першы раз выступілі на плошчы ў Дзень Перамогі. Аднак гэта было не дэфіле, а проста барабанны дробат.
Затым ансамбль паказаў сябе на “Браслаўскіх зарніцах”. Пашчасціла яму выступіць і на парадзе ў час святкавання Дня Незалежнасці ў Мінску. Зусім нядаўна прынялі ўдзел у “Дажынках”, узначальвалі афіцыйную дэлегацыю нашага раёна.
Цяпер удзельніцамі ансамбля з’яўляюцца 12 дзяўчат, але ў планах пашырыць калектыў да 16. Кацярына Бабчонак рыхтуе з імі не толькі дэфіле, але і эстраднае выступленне. Дзяўчаты заўсёды з задавальненнем прыходзяць на рэпетыцыі, вучацца нечаму новаму. Праўда, з закрыццём на рамонт РДК рэпетыцыі праходзяць цяпер у СШ №1. Але будзем спадзявацца, што гэта часовыя нязручнасці.
— Мы ўскладаем на ансамбль барабаншчыц вялікі надзеі, — сказала падчас размовы дырэктар РДК Таццяна Кука. – Маладосць, энергічнасць дзяўчат, іх прывабнасць і яркія касцюмы ў спалучэнні са стараннямі Кацярыны, думаю, прынясуць ім поспех і прызнанне.

Зінаіда Палулех.
Фота Аляксандра Азевіча.