Калі здзяйсняюцца мары

Люди

4jJqaqq3insЁсць сярод нас людзі, прафесійныя абавязкі якіх досыць незвычайныя — ствараць атмасферу свята, дарыць добры настрой, надаваць яркія фарбы ў наша жыццё. Яны працуюць, калі іншыя адпачываюць.
Культработнік — нават не прафесія, а прызванне, якое патрабуе асаблівай энергетыкі і, безумоўна, таленту — той Божай іскры, што дапамагае напаўняць сэрцы светлымі пачуццямі і добрымі эмоцыямі. Здаецца, менавіта да такіх людзей адносіцца і малады работнік культуры Улад Мацеша.
Кажуць, што школа адкрывае таленты, а культура іх развівае. Гэта якраз той выпадак. Яшчэ падчас вучобы ў сярэдніх класах СШ №1 Улад упершыню выйшаў на сцэну як выканаўца. Настаўніца спеваў Галіна Алексніна, нягледзячы на адсутнасць у хлопчыка музычнай адукацыі, выявіла ў яго добры слых і вялікае жаданне спяваць. Развіццю здольнасцей спрыялі і заняткі ў вакальным гуртку РДК пад кіраўніцтвам Наталлі Няміра, дзе Улад спяваў у вакальнай групе і сольна. А ў старэйшых класах ён ужо ўдзельнічаў ва ўсіх урачыстых школьных мерапрыемствах і як выканаўца, і як вядучы. Таму пытанне выбару прафесіі нават не паўставала: усе ведалі, што хлопец хоча звязаць свой лёс з культурай.
Жаданне працаваць у творчым асяроддзі было настолькі моцным, што Улад паступіў на завочнае аддзяленне ў Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў на спецыяльнасць рэжысёр і стаў сумяшчаць працу і вучобу.
— Улад Мацеша прыйшоў да нас адразу пасля школы, — расказвае дырэктар РДК Таццяна Кука, — на пасаду рэдактара. Таксама выдатна праявіў сябе як вядучы дыскатэкі— MC (эм-сі), у задачы якога ўваходзіць «завесці натоўп». Ён добра адчувае аўдыторыю, яе пажаданні і настроі, умее імправізаваць. Увогуле за час работы ў РДК ён пабыў і ў ролі акцёра, і спевака, і вядучага. Культработнікі кажуць, што ёсць людзі сцэнічныя і не сцэнічныя, дык вось Улад проста жыве сцэнай. Рэпетыцыі, шматлікія мерапрыемствы, канцэрты — практычна кожны дзень напоўнены творчасцю, новымі падзеямі і свежымі ідэямі. Дэбютаваў ён і ў ролі рэжысёра: напісаў сцэнарый конкурснай праграмы “Я – гэта ты, ты – гэта я”, прысвечанай Дню закаханых.
Не дзіўна, што ў РДК вельмі шкадавалі, калі ў выніку рэарганізацыі ўстаноў культуры Улад перайшоў на пасаду метадыста. Але народная мудрасць кажа, што калі нехта страчвае, то хтосьці набывае. І ўжо ў цэнтралізаванай клубнай сістэме, па словах Ірыны Пажарскай, малады культработнік паказаў сябе з лепшага боку. Акрамя аказання практычнай дапамогі клубным работнікам у падрыхтоўцы мерапрыемстваў, Улад — пастаянны ўдзельнік практычна ўсіх святочных канцэртаў. Яму падабаецца творчасць, жывыя зносіны з гледачамі.
Сам хлопец прызнаецца, што знаходжанне на сцэне абуджае ў яго незвычайныя пачуцці, душа нібы напаўняецца святлом, незабыўнымі эмоцыямі, а задавальненне, якое атрымліваюць гледачы, прыносіць сапраўдную радасць. Улад мае шмат творчых ідэй і задумак, якія пакрыху пачынае ажыццяўляць. Удзел у конкурсе “Маладыя галасы” прынёс яму важкую ўзнагароду ад мінскага кампазітара і прадзюсара Святаслава Пазняка: магчымасць запісаць уласныя песні на прафесіянальнай студыі. У гэтым годзе малады выканаўца паспяхова паспрабаваў сябе ў адборачным туры конкурсу “Містар Беларусь — 2014”. На жаль, па асабістых прычынах Улад не змог удзельнічаць у наступных турах, але яго даныя не засталіся незаўважанымі: члены журы запрасілі да ўдзелу на наступны год.
Знак задыяка Авен, пад якім нарадзіўся Улад Мацеша, надзяліў яго мэтанакіраванасцю і энергічнасцю, а сябры і родныя падтрымліваюць хлопца ў яго марах заваёўваць новыя вяршыні. Цудоўна, калі мары пачынаюць здзяйсняцца!

Жанна Бялько.

Фота з сямейнага архіва У.Мацешы.