Фартуна ўсміхалася не ўсім

Новости

IMG_4028 (Small)У суботу аддзел адукацыі, спорту і турызму паклікаў аматараў спінінгавай лоўлі на чарговыя спаборніцтвы «Браслаўскі спінінг-2014». Як і ў мінулым годзе, месцам высвятлення мацнейшых і спрытнейшых у лоўлі драпежнай рыбы было абрана возера Струста.
Раніцай на турстаянцы «Окменіца» панаваў вясёлы і крыху мітуслівы настрой. Адны спяшаліся хутчэй зарэгістравацца і адправіцца на акваторыю вадаёма, другія, сабраўшыся групкамі, «травілі» рыбацкія байкі, прыезджыя распытвалі мясцовых рыбаловаў пра асаблівасці сёлетняга клёву, і браслаўчане, да іх гонару, сваіх сакрэтаў не хавалі. Але прабіла гадзіна «Х», і на беразе засталіся толькі арганізатары спаборніцтва.
Прыняць удзел у сёлетнім «Браслаўскім спінінгу» пажадалі 38 чалавек, якія аб’ядналіся ў 18 каманд (двое выступалі толькі ў асабістым заліку) з чатырох рэгіёнаў рэспублікі. Акрамя браслаўчан, на спаборніцтвы прыехалі спінінгісты з Мінска, Глыбокага і Шаркаўшчыны.
У параўнанні з папярэднімі гадамі геаграфія ўдзельнікаў і іх колькасць крыху зменшылася, затое больш каманд выставілі гарадскія арганізацыі. Напрыклад, аддзел дэпартамента «Ахова» і ЦРБ накіравалі адразу па 2 каманды. Акрамя іх, за званне лепшых спінінгістаў змагаліся каманды райпа, РАНС, аддзялення «Белаграпрамбанка», «Браслаў-камунальніка».
Па ўмовах спаборніцтва, заўзятарам лоўлі азёрных драпежнікаў было прапанавана пазмагацца за званне лепшых у намінацыях «Важкі ўлоў» (у кг, камандны і асабісты залік), «Большая рыбіна» (у кг), «Найбольшы ўлоў» (па галовах), «Удалая жанчына» і «Юны рыбалоў».
Трэба сказаць, што суботні дзень па надвор’і паспрыяў удзельнікам спаборніцтва і не паднёс вялікіх сюрпрызаў. Пасля начнога замаразку стаяла сонечна і ціха, толькі пасля апоўдні пачаў уздымацца вецер. Таму нават тыя, у каго не клявала, не спяшаліся вяртацца на бераг, а імкнуліся лішні раз палюбавацца цудоўнымі восеньскімі пейзажамі, падыхаць свежым азёрным паветрам. Таму большасць рыбаловаў прыплылі да месца збору за 5-10 мінут да заканчэння вызначанага часу – 14-ці гадзін. Прычым першыя хутка выцягвалі на сушу свае лодкі і, нават не збіраючы снасцей, вярталіся на бераг, каб паглядзець, наколькі пашанцавала таварышам-сапернікам.
Пакуль суддзі ўзважвалі ўловы, вызначалі пераможцаў, удзельнікі спаборніцтваў маглі пачаставацца наварыстай юшкай, найбольш удачлівыя давалі інтэрв’ю прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі.
Урэшце аб’явілі агульнае пастраенне. Прысутных павітаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч, а затым уручыў пераможцам граматы, кубкі і прызы. У камандным заліку лепшай была каманда «Ахова-1» у складзе Аляксандра і Дзмітрыя Шакураў (8245 г) (на здымку). Другое месца заваявалі Ігар Козел і Аляксандр Еўдакімаў (ЦРБ 8075 г), трэцяе – Уладзімір Завацкі і Аляксандр Савіцкі («Браслаў-камунальнік» 3960 г.).
Самы багаты ўлоў (5675 г) быў у Ігара Козела, а самага вялікага шчупака (3780 г) злавіў Аляксандр Шышко. 58 акунёў прывёз на бераг Уладзімір Завацкі, які перамог у намінацыі «Найбольшы ўлоў» (па галовах).
Як і ў папярэднія гады, лепшай рыбачкай-жынчынай стала Святлана Юран. Яна злавіла 2 шчупакі, якія пацягнулі 3810 г.
А Дзмітрый Шакур атрымаў прыз як самы юны рыбалоў.
Такім чынам, яшчэ адзін «Браслаўскі спінінг» адыйшоў у гісторыю. Развітваючыся з арганізатарамі спаборніцтваў, іншагароднія і мясцовыя аматары спінінгавай лоўлі выказвалі надзею, што гэтая добрая традыцыя будзе прадоўжана.

Аляксандр АЗЕВІЧ.
Фота аўтара.