Да людзей з усмешкай і дабрынёй

Люди

IMG_0081 (Small)Старэйшына на вёсцы — першая і, напэўна, самая аўтарытэтная асоба. Як правіла, на гэтую адказную пасаду мясцовыя ўлады і жыхары выбіраюць чалавека актыўнага, дзейснага, адным словам, энтузіяста. Галіна Шыдлоўская, старэйшына вёскі Даўблі і навакольных населеных пунктаў, якраз з такіх. Вось ужо 10 гадоў яна займае гэту пасаду, столькі ж з’яўляецца дэпутатам мясцовага Савета па Купчэльскай акрузе.
Жанчына ў сваёй прафесійнай дзейнасці, і ў грамадскай рабоце імкнецца прытрымлівацца прынцыпаў “зразумець і дапамагчы”. Увогуле ж Галіна Уладзіславаўна ветлівая, уважлівая, добразычлівая, да кожнага ўмее знайсці падыход. Менавіта гэтымі якасцямі і заваявала павагу і сярод калег, і ў жыхароў в. Даўблі. А яшчэ жанчына вельмі сціплая. Пра свае прафесійныя поспехі і дзейнасць на пасадзе старэйшыны хваліцца не любіць, зазначае, што проста дапамагае людзям.
Сустрэліся мы з Галінай Уладзіславаўнай у Опсаўскай урачэбнай амбулаторыі, дзе яна працуе ўчастковай медыцынскай сястрой вось ужо 26 гадоў. Трапіла сюды амаль адразу пасля заканчэння Даўгаўпілскага медыцынскага вучылішча. І, як кажуць, знайшла ў жыцці сваё месца і справу.
— Пра прафесію медыка не марыла і не задумвалася. Больш схілялася да педагагічнай справы, але паступаць у Даўгаўпілскае медвучылішча пераканалі бацькі, — дзеліцца Галіна Уладзіславаўна. — Зараз не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі. Работа мне падабаецца, склаўся цудоўны калектыў, таму кожны дзень я з задавальненнем і радасцю на сэрцы прыходжу на сваё працоўнае месца.
Дарэчы, адказвае жанчына за самых капрызных і няўрымслівых пацыентаў — дзяцей. Усяго іх каля 250, пры гэтым 11 з іх да года. Патранаж малых дома, агляд нованароджаных, кантроль за здароўем школьнікаў, прафілактычная работа і многае іншае ўваходзяць у абавязкі Г. Шыдлоўскай. Да кожнага свайго падапечнага, нават самага капрызнага, жанчына ўмее знайсці падыход: супакоіць словам, развесяліць і прыгожа ўсміхнецца.
Выдатна ў яе атрымліваецца знаходзіць агульную мову і з вяскоўцамі, зноў жа з дапамогай усмешкі і душэўнай дабрыні. Яны любяць і паважаюць сваю старэйшыну, а жанчына імкнецца дапамагчы ў вырашэнні іх праблем, у розных жыццёвых сітуацыях. Таму дарогу да дома старэйшыны ведаюць усе. Ды і сама жанчына наведваецца да аднасяльчан, каб пацікавіцца іх справамі і праблемамі.
— Я тут нарадзілася, вырасла, — заўважае Г.Шыдлоўская. — Усіх ведаю, ведаюць і мяне. Заўсёды імкнуся на кантакт з людзьмі, насустрач ідуць і яны. Просьбы ў нашых вяскоўцаў простыя, рашэнне іх пытанняў не патрабуе вялікіх выдаткаў, патрэбны толькі простая чалавечая ўвага і разуменне.
Даўблі —весачка невялікая. Але для клапатлівай старэйшыне спраў хапае і тут. То з вулічным асвятленнем штосьці не так, то падыходзіць час прагрэйдзіраваць дарогу, ці аўталаўка перастае прыязджаць. Тады старэйшына бярэцца за справу, тэлефануе ці ў сельсавет, ці адразу ў патрэбную арганізацыю. Трэба адзначыць, што актыўна падтрымлівае старэйшыну, лічыць яе сваёй правай рукой старшыня Опсаўскага сельвыканкама Ала Даніліна.
У мінулым годзе Г. Шыдлоўская актыўна ўзялася за добраўпарадкаванне мясцовых могілак. Жыхары ініцыятыву падтрымалі і ўсе разам узяліся за справу. Акрамя гэтага, жанчына паспявае прасачыць каб вывозілася смецце і не з’яўляліся несанкцыянаваныя звалкі, дапамагчы сельвыканкаму ў перапісе гаспадарак, пракантраляваць пажарную бяспеку ў дамах, паклапаціцца пра забеспячэнне асобных катэгорый грамадзян палівам. Часты госць старэйшына ў дамах сталых людзей. Зазірне, як медык спытаецца пра здароўе, як старэйшына, чым трэба дапамагчы. Калі трэба, возьме даведку ў сельсавеце, удакладніць што незразумела. А яшчэ старэйшына — гэта стваральнік парадку. Іншы раз трэба неруплівым вяскоўцам нагадаць, каб абкасілі каля плоту, прыбралі з-за вугла смецце. Зараз пачынаецца масавая імунізацыя насельніцтва супраць грыпу. І зноў старэйшына адправіцца ў абход па хатах, каб прапанаваць зрабіць прывіўкі.
Напрыканцы размовы Галіна Уладзіславаўна прызналася, што галоўнае ў рабоце старэйшыны — гэта яго асабістая ініцыятыўнасць, актыўнасць, жаданне прыйсці на дапамогу людзям.
І з такім меркаваннем нельга не пагадзіцца.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.