Школа для душы

Главное

100_7152 (Small)Як часта зараз можна пачуць, што ў наш няпросты час не хапае дабрыні, спагады і павагі ў чалавечых адносінах. Людзі сталага ўзросту больш заклапочаны праблемамі дабрабыту, а значная частка моладзі бавіць час у камп’ютарных гульнях ды сацыяльных сетках. Але ж у жыцці, акрамя матэрыяльных, існуюць і духоўныя каштоўнасці. Як вядома, не хлебам адзіным павінен жыць чалавек, а людзі дасведчаныя скажуць яшчэ, што і словам Божым. Менавіта гэту мэту — сеяць слова Божае ў душы дзяцей — і маюць на ўвазе ў нядзельнай праваслаўнай школе, якая ў пачатку кастрычніка ўзнавіла сваю працу пасля летняга перапынку. Дзейнічае яна пры Свята-Панцеляймонаўскім жаночым манастыры, а заняткі вядзе ігумення Ніка.
“Ёсць дзве школы ў дзятвы, з іх добрая любая. Адна са школ — для галавы, а для душы — другая!” — гэтымі словамі з верша настаяцельніца пачала заняткі і вызначыла накірунак дзейнасці. Сапраўды, у нядзельнай школе выкладаюцца менавіта тыя навукі, якія фарміруюць душу чалавека. Дзеці знаёмяцца з асновамі праваслаўнай культуры і хрысціянскай маралі, набываюць навыкі і вопыт царкоўнага жыцця, далучаюцца да спраў прыхода. Усё гэта дае магчымасць пазнаваць навакольны свет у святле веры, а саму веру ўспрымаць усвядомлена — і сэрцам, і розумам.
Падчас навучання матэрыял, падабраны з улікам дзіцячага ўзросту, падаецца нязмушана і цікава. Заняткі ідуць у выглядзе размовы пра пэўныя падзеі ці паняцці. У якасці прыкладаў гучаць павучальныя гісторыі духоўных подзвігаў праваслаўных святых. Падтрымліваюць цікавасць вучняў і багата аздобленыя малюнкамі кнігі. Заканчваюцца заняткі звычайна сумесным чаяпіццем з саладосцямі, падчас якога можна падзяліцца з сябрамі навінамі ці абмеркаваць пэўныя праблемы.
Але дзейнасць нядзельнай школы не абмяжоўваецца толькі правядзеннем урокаў. Дзеці ахвотна займаюцца рукадзеллем, малююць. Запланаваныя і музычныя хвілінкі. Традыцыйнымі сталі прымеркаваныя да калядных і велікодных свят тэатралізаваныя пастаноўкі, з якімі выхаванцы школы выступаюць перад падапечнымі дома-інтэрната для састарэлых і на сцэне РДК. У мінулым годзе ўдзельнічалі ў праваслаўным фестывалі “Язненскі Благавест”. Плануюцца таксама паломніцкія паездкі па святых мясцінах Беларусі. Усё гэта аб’ядноўвае дзяцей ў хрысціянскім разуменні сяброўства, вучыць іх узаемадапамозе.
За мінулыя гады, на жаль, выраслі цэлыя пакаленні людзей, якія маюць вельмі слабыя ўяўленні пра веру. Можа, нехта з іх і наведваў бы храм, ды стрымлівае недахоп элементарных ведаў: як правільна зайсці, дзе стаць, як сябе паводзіць. Але станоўчы момант заключаецца ў тым, што сваім дзецям многія з іх хацелі б даць пэўную духоўную адукацыю, каб тыя з малых гадоў адчувалі сябе ў храме ўтульна і спакойна, каб у іх сфарміраваўся своеасаблівы духоўны стрыжань, які дапаможа ў жыццёвых выпрабаваннях.
Паспрыяць у гэтым можа і нядзельная школа пры Свята-Панцеляймонаўскім жаночым манастыры. Наведваюць яе дзяўчынкі і хлопчыкі рознага ўзросту. Напрыклад, на сённяшні дзень самаму меншаму навучэнцу 9 гадоў, старэйшым — па 14. Заняткі ідуць з 13 да 15 гадзін. (Пры неабходнасці дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 32-6-41). Самі навучэнцы не шкадуюць, што пару гадзін у нядзелю прысвячаюць заняткам. Так, 13-гадовай Каці вельмі падабаецца выступаць, яе аднагодка Маша любіць пазнаваць новае, а 14-гадовая Алёна падчас вучобы набыла новых сяброў. Але, безумоўна, галоўнае ў нядзельнай школе — гэта ўрокі. Праводзяцца яны па самых важных у жыцці прадметах і з’яўляюцца ўрокамі дабрыні і любові, ласкі і спагады.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.