Прапановы перавышалі попыт

Новости

IMG_5913 (Small)Дапамагчы людзям запасціся на зіму бульбай, агароднінай, садавінай, набыць фураж для хатняй жывёлы – з гэтай мэтай і ладзіцца штогод у Леснічоўцы распродаж сельгаспрадукцыі. Не стаў выключэннем і сёлетні. Па ранейшых кірмашах заўважыў, што браслаўчане — народ нецерпялівы і на кірмаш адпраўляецца значна раней афіцыйна аб’яўленага пачатку гандлю. І калі ў мінулую суботу ў палове восьмай гадзіны кіраваў у лесапарк, ужо сустракаў людзей, якія вярталіся адтуль з мяхамі зерня, бульбы, капусты.
Звычайна найраней раскупляліся збожжавыя і гараджане скардзіліся, што зерне прывезлі на кірмаш недастаткова. Сёлета ж сітуацыя была адваротнай: прапановы на гэты прадукт перавысілі попыт. І не толькі на гэты. Нераспрададзенымі засталіся капуста, іншая гародніна, бульба. Чаму? Наконт зніжанага попыту на збожжа адказ бачу адназначны: уведзеныя ў сувязі з пагрозай распаўсюджвання афрыканскай чумы абмежаванні на гадоўлю свіней. Для курэй жа шмат зерня не трэба. Наконт жа астатняй сельгаспрадукцыі можна меркаваць дваяка: ці то прадаўцы пастараліся паставіць яе максімальна, ці то браслаўчане не сталі чакаць кірмашу і запасліся на зіму раней. У зніжэнне пакупніцкіх магчымасцей ніяк не верыцца, бо нашы гараджане грошы зарабляць не развучыліся.
Восеньскія кірмашы можна разглядаць і як своеасаблівую выставу прадукцыі мясцовых сельгаспрадпрыемстваў і перапрацоўшчыкаў. Першыя, трэба сказаць, маюць для гэтага даволі абмежаваныя магчымасці. У сілу абставін гаспадаркі вырошчваюць толькі кармавыя культуры і збожжа. Рэдка дзе на грамадскіх палетках убачыш моркву, буракі, капусту. Да мінімальнага знізіліся плошчы бульбы. Тым не менш на сёлетнім кірмашы асартымент быў даволі разнастайны: гандлявалі мясам і паўфабрыкатамі, мёдам, яблыкамі, капустай, насеннем траў, шмат чым іншым. Даволі багаты выбар мясной прадукцыі прывезлі са “Слабодкі – агра”, “Друйскага”, падсобнай гаспадаркі “Урбаны”, зразумела, з СВК “Маяк браслаўскі”. У “Мяжанах” можна было набыць як жывых трусоў, так і іх мяса.
Прыемна і тое, што на кірмаш паціху вяртаецца былая традыцыя афармлення гандлёвых месц у восеньскіх матывах. У гэтым плане адзначу ААТ “Друйскі” і Відзаўскі прафесіянальны каледж. Выстава апошняга – гэта неабдымная фантазія і палёт творчай думкі ў стварэнні восеньскіх кампазіцый з дароў прыроды.
Асобна варта адзначыць арганізацыю гандлю спажывецкім таварыствам. Адной капусты на кірмаш яно даставіла 22 тоны. Удосталь было і іншай агародніны. А продаж усяго асартыменту адразу ў чатырох кропках не ствараў непатрэбнага ажыятажу і чэргаў.
Садаводы мелі магчымасць набыць самыя розныя саджанцы, сродкі аховы, інвентар.
Сваёй прадукцыяй гандлявалі і перапрацоўшчыкі. Карацей, выбар быў самы разнастайны і, як казаў раней, прапановы па большасці асартыменту перавысілі попыт.
Праўда, не абышлося і без гарчынкі. Асабіста мне прад’яўлялася нямала прэтэнзій за тое, што ў газеце было аб’яўлена пра гандаль прадукцыяй Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі магазінам “Ганна” з Наваполацка, які чамусьці не прыехаў.
У цэлым жа сёлетні кірмаш удаўся.

Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.