Дарога дружбы і партнёрства

Главное

IMG_3910 (Small)Несумненна, шматлікія міжнародныя праекты, якія рэалізуюцца на тэрыторыі нашага раёна, прыносяць значную карысць. Галоўнае ў такой важнай справе — знайсці надзейных партнёраў, своечасова і мэтанакіравана выкарыстоўваць выдзеленыя пад праекты еўрапейскія сродкі. Кіраўніцтва раёна праводзіць у гэтым накірунку актыўную і выніковую работу. Сёння ўжо падпісана 18 пагадненняў з рэгіёнамі Латвіі, Літвы, Украіны, Расіі, Польшчы, Арменіі, Эстоніі, і на гэтым дзейнасць не спыняецца.
Вось і на мінулым тыдні ў зале пасяджэнняў райвыканкама адбылася чарговая сустрэча ўдзельнікаў семінара латвійска-беларускага праекта “Суседская дарога”. За сталом сабраліся каардынатары праекта, прадстаўнікі зацікаўленых ведамстваў і службаў з абодвух бакоў мяжы, старшыні сельскіх Саветаў Міёрскага і Верхнядзвінскага раёнаў, а таксама на сустрэчу былі запрошаны старшыні сельскіх Саветаў і нашага раёна.
Сардэчна вітала прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. Яна адзначыла, што геапалітычнае знаходжанне раёна, накоплены вопыт работы, жаданне мясцовай улады ствараць умовы для арганізацыі міжнароднага супрацоўніцтва, падтрымліваць існуючыя кантакты і шукаць новыя, з’яўляецца вельмі важным падмуркам для далейшага развіцця міжнароднай дзейнасці ў Браслаўскім раёне. І галоўнае, акцэнтавала ўвагу Ніна Антонаўна, усе ініцыятывы ўдзелу ў шматлікіх праектах пацвярджаюцца канкрэтнымі вынікамі работы.
Старшыня райсавета падзякавала кіраўніку латвійскага бюро Еўрарэгіёна “Азёрны край” Ілзе Стабулніеце за магчымасць удзельнічаць у праекце “Суседская дарога” і пажадала ўсім плённай працы на семінары.
Віцэ-консул консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Аляксейс Лабанаўс паведаміў, што за 2012 год Латвійскім пасольствам было выдадзена 1612 дазволаў мясцовага прыгранічнага руху, за мінулы — 1728, а да 6 кастрычніка бягучага года 951 беларус змог скарыстацца пагадненнем аб прыгранічным супрацоўніцтве. Памяншэнне колькасці выдачы прыгранічных віз тлумачыцца тым, што з 2013 года Латвійскае консульства беларускім грамадзянам, у якіх няма дысцыплінарных пакаранняў, мае права выдаваць візу на два гады. Паведаміў віцэ-консул і пра змяненне рэжыму прыёму дакументаў. Падаць дакументы на афармленне прыгранічнай візы ў Віцебску беларусы могуць з панядзелка па пятніцу ўключна і без папярэдняга запісу. Указаў А. Лабанаў і на тыпічныя памылкі пры запаўненні дакументаў. У большасці гэта датычыцца тэрміну выдачы пашпарта і старадаўніх фотаздымкаў. Адказаў прамоўца на пытанні ўдзельнікаў семінара. А ў канцы выступлення запэўніў, што з латвійскага боку робіцца ўсё, каб спрасціць перамяшчэнне жыхарам прыгранічча.
Далей ўдзельнікі семінара зрабілі невялікую паўзу і праглядзелі цікавы фільм пра Браслаўшчыну.
Пасля невялікага завочнага экскурсу па нашым краі начальнік ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Спірыдонава больш падрабязна пазнаёміла прысутных з міжнароднымі праектамі, якія ажыццяўляюцца на тэрыторыі нашага раёна.
Кіраўнік бюро Еўрарэгіёна “Азёрны край” Ілза Стабулніеце станоўча ацаніла выкананую работу ўдзельнікаў праекта і выказала меркаванне, што ён будзе мець далейшы працяг.
З прамежкавымі вынікамі рэалізацыі праекта “Суседская дарога” справаздачу трымала каардынатар праекта з беларускага боку Галіна Паніч. Яна паведаміла, што Еўрапейскім Саюзам выдзелена 511755,34 еўра. За гэтыя сродкі праведзена рэканструкцыя двух этапаў дарожнага пакрыцця — 1,65 км на латвійскай тэрыторыі і 1,5 км на беларускай, а таксама месцы для паркоўкі аўтамабіляў. Вядзецца закупка тэхнічных камплектаў абсталявання для пункта пропуску Плюсы. У Латвіі такое абсталяванне ўжо \ўстаноўлена.
Безумоўна, сучасная зручная дарога вырашыць шмат праблем па перамяшчэнні транспарту, а Плюсы становяцца больш прывабнай вёскай, што і пацвердзіў старшыня Плюскага сельсавета Пётр Бялусь.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_3887 (Small)