Цярпенне і праца

Главное

ДалецкийСамымі складанымі прадметамі для здачы на цэнтралізаваным тэсціраванні традыцыйна лічацца хімія і фізіка. У Беларусі ў гэтым годзе першую, напрыклад, на 100 балаў здаў толькі 1 чалавек. З другой справы крыху лепш: 18 маладых беларусаў паказалі выдатныя веды.
Сярод апошніх ёсць і наш зямляк – сёлетні выпускнік Слабодкаўскай сярэдняй школы Дзяніс Далецкі. На ЦТ хлопец набраў 100 балаў па фізіцы, што, па словах галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іны Купрыянавай, з’яўляецца надзвычай высокім дасягненнем не толькі для сельскіх школьнікаў, але і для гарадскіх.
Хлопец і раней дэманстраваў схільнасць да вывучэння прадмета і неблагія веды па ім на раённых алімпіядах і спробным тэсціраванні. Як адзначае настаўнік фізікі Слабодкаўскай школы Святлана Хілько, якая займалася з Дзянісам, ён вельмі мэтанакіраваны чалавек. “Дзяніс з тых, хто прыкладзе ўсе свае сілы дзеля дасягнення выніку. Ён абраў для сябе накірунак прыкладання намаганняў і ўпарта працаваў, у тым ліку самастойна і дыстанцыйна, з дапамогай інтэрнэту”, – кажа Святлана Мікалаеўна.
Аўтару гэтых радкоў удалося звязацца з адзіным браслаўскім “стабальнікам”. Як высветлілася, матэматыку і рускую мову на ЦТ Дзяніс здаў крыху горш за свой любімы прадмет – на 84 і 71 бал адпаведна. Аднак гэта не перашкодзіла яму паступіць у БДУ: цяпер хлопец вучыцца на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій прэстыжнай навучальнай установы. На пытанне, як удалося дасягнуць такіх высокіх вынікаў, ён адказвае каротка і лаканічна, як сапраўдны фізік: цярпі казак – атаманам будзеш. Галоўнае – ведаць, чаго хочаш, і не ляніцца.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота з архіва Д. Далецкага.