У яе руках ключы ад мудрасці чалавечай

Люди

IMG_3866 (Small)Існуе шмат прафесій, дзе выпадковыя людзі не затрымліваюцца. Адна з іх — бібліятэкар. Сапраўды, немагчыма прысвяціць сябе кнігам, калі не любіш чытаць.
З дзяцінства Вольга Лакотка захаплялася чароўным светам літаратуры, таму пасля заканчэння школы яе шлях ляжаў ў Мінскі інстытут культуры на факультэт бібліятэчнай справы. І ўжо больш за 30 гадоў Вольга Аляксееўна працуе бібліятэкарам аддзела камплектавання ЦБС.
Трэба сказаць, што супрацоўнікі аддзела займаюцца сур’ёзнай справай — вывучаюць якасць фонду бібліятэк раёна, праводзяць маніторынг запатрабаваных кніг, камплектуюць новыя паступленні літаратуры. Гэта ад іх залежыць, якія кнігі ўбачаць чытачы на паліцах бібліятэк раёна. Таму, з упэўненасцю можна сказаць: В. Лакотка са сваімі калегамі карэкціруе літаратурны густ жыхароў Браслаўшчыны і трымае ў сваіх руках ключы ад мудрасці чалавечай.
— Шмат гадоў таму назад, — кажа жанчына, — звязала свой лёс з гэтай прафесіяй. І ніколькі не шкадую. Работа з кнігамі, інфармацыяй,зносіны з людзьмі — гэта тое, што мне па душы.
Добрасумленная, старанная работа В. Лакотка напярэдадні свята адзначана Ганаровай граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Творчая прафесія заўсёды падштурхоўвае да пашырэння поля дзейнасці. Так і ў Вольгі Аляксееўны. У розныя перыяды свайго жыцця яна захаплялася разнастайным рукадзеллем — вязаннем, асвоіла пляценне з саломкі, атрымала азы ткацтва, потым захапілася складаннем вялікіх карцін з пазлаў.
А сёння яе рукам падуладны складаныя, незвычайныя тэхнікі рукадзелля артышок, канзашы, пэчварк без іголкі, світдызайн. Адны гэтыя назвы выклікаюць шмат супярэчлівых пытанняў. А работы майстрыхі, якія выстаўлены ў раённай бібліятэцы ў рамках праекта “Фантазія. Творчасць. Натхненне”, зачароўваюць сваёй вытанчанасцю, хараством і акуратнасцю. Шыкоўныя кветкавыя кампазіцыі, незвычайныя вееры, цудоўныя дрэўцы прыцягваюць увагу нават самага падрабавальнаг гледача. З пачуццём густу і прыгожага падабрана кожная дэталь, колер і матэрыял у яе вырабах.
Столькі любові і пяшчоты ўкладзена ў кожную работу, што адразу ўзгадваеш вядомыя словы: прыгажосць выратуе свет.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_3874 (Small)