Супрацоўніцтва працягваецца

Новости

DSC_0786 (Small)Нядаўна з рабочым візітам у наш раён завітаў начальнік Полацкага пагранічнага атрада Канстанцін Моластаў. Тады ён сустрэўся з кіраўніцтвам раёна, уручыў медалі і падзячныя пісьмы за дапамогу органам пагранічнай службы.
Падчас сустрэчы старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і Канстанцін Моластаў абмеркавалі некаторыя пытанні ўзаемадзеяння і дапамогі. У гутарцы бакі не раз адзначалі паспяховае супрацоўніцтва з аднаго боку ўлады раёна, службаў, арганізацый, жыхароў Браслаўшчыны і з другога пагранічнікаў, якое працягваецца ўжо шмат гадоў. Паабяцалі яны захоўваць гэту традыцыю і надалей.
Як раз была добрая нагода на справе замацаваць сказанае. Старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і начальнік Полацкага пагранатрада Канстанцін Моластаў прынялі ўдзел у адкрыцці будынка часовага пагранічнага паста “Відзы-Лаўчынскія”. З ініцыятывай выступілі пагранічнікі. Хоць побач і ёсць сучасны пагранічны пост “Відзы”, але ўзнікла неабходнасць пабудаваць часовы ў вёсцы Відзы-Лаўчынскія. Неабходна гэта для таго, каб яшчэ больш узмацніць ахову рубяжоў краіны, спросціць работу пагранічнікаў. З прапановай звярнуліся ў райвыканкам, дзе падтрымалі ідэю стварэння часовага паста. Улады раёна выдзелілі раней пустуючы будынак, дапамаглі з рамонтам і добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Будынак хоць і невялікі, але тут камфортна і ўтульна, ёсць усё неабходнае.
Па традыцыі, адчыняючы новы аб’ект Сяргей Шматаў і Канстанцін Моластаў перарэзалі чырвоную стужку, а потым завіталі на новы пост і паглядзелі, у якіх умовах будуць несці службу пагранічнікі раёна.

Таццяна Пятушка.