Дом, дзе жывуць ласка і пяшчота

Главное

DSCN1815 (Small)У невялікай вёсцы Вазгелянцы вясёлы дом сям’і Бейнараў здалёк выдзяляецца сярод суседніх. Стракатыя кветнікі радуюць вока, драўляны конік, запрэжаны ў брычку, яркая жар-птушка і млын выклікаюць добразычлівую ўсмешку. А абвіты вінаграднікам са шматлікімі фіялетавымі гронкамі ганак дапаўняе агульную карціну. І ўсё гэта разам надае дому нейкую казачнасць і загадкавасць. Таму не дзіўна, што ў ім пасялілася дабрыня і пяшчота.
Уладараць у ім Вацлаў Уладзіслававіч і Марыя Уладзіміраўна. Здавалася б, на першы погляд, звычайная сялянская сям’я: муж, жонка, дзеці, сумесная гаспадарка. Але ж ад астатніх іх адрознівае тое, што ў сям’і Бейнараў выхоўваюцца трое прыёмных дзяцей.
На сваім жыццёвым шляху Марыя Уладзіміраўна спаткала шмат выпрабаванняў. У дзяцінстве яе малодшая дачка Вольга моцна хварэла, падоўгу ляжала ў абласной бальніцы. І ўжо тады ў пакоях болю і надзеі чалавечай М. Бейнар бачыла абяздоленых дзетак з сумнымі вачамі і на ўсё жыццё запомніла іх абыякавы погляд.
Ішоў час, бацькі і не заўважылі, як вырас, пасталеў старэйшы сын Уладзіслаў і выправіўся на вучобу ў сталіцу, узнялася, акрэпла і стала прыгажуняй дачка, паступіла ў Віцебскі каледж сувязі.
— У хаце стала пуста, няўтульна, — успамінае Марыя Уладзіславаўна. — Маўклівыя пакоі навявалі сум і адзіноту.
Але гэта не значыць, што гаспадыні дагледжанага дома не было чаго рабіць. Сям’я Бейнараў заўсёды трымала вялікую гаспадарку — не менш за тры каровы, некалькі свіней, авечак ды рознай дробнай птушкі.
Аднак ёй вельмі хацелася, каб у хаце штодзень гучаў дзіцячы смех, прысутнічала звычайная мітусня, за абедзенным сталом збіралася вялікая сям’я. Напэўна, міласэрнасць і сапраўдная любоў да дзяцей перадаліся М. Бейнар у спадчыну ад маці, якая выгадавала сем дзетак.
Да таго ж, пранікнённыя, словы маленькіх гаротнікаў, якія шукаюць сабе бацькоў і сям’ю, што кожны дзень гучаць з экрана тэлевізара, выліліся ў моцнае жаданне ўзяць такіх жа абяздоленых сабе на выхаванне. Падзялілася сваімі думкамі з мужам. Ён падтрымаў прапанову жонкі.
Так у жніўні мінулага года парог утульнага дома Бейнараў пераступілі тры сястры — Даша, Саша і Ганна.
— Калі ўбачыла дзяўчынак, — узгадвае першую сустрэчу праёмная маці, — маё сэрца сціснулася ад болю за іх, бо ў вачах была пустэча і абыякавасць да ўсяго.
Ды і ёсць ад чаго. Некалькі разоў іх вярталі і зноў забіралі ад родных бацькоў, потым яны трапілі ў першую прыёмную сям’ю, але агульнай мовы са сваімі апекунамі не знайшлі. І гэта была чарговая спроба на дамашні прытулак.
А ў сям’і Бейнараў да гэтай сустрэчы рыхтаваліся загадзя і трывала — абсталявалі пакой, набылі двухярусны ложак, кожнай дзяўчынцы падрыхтавалі асабістае месца для заняткаў. Пазней прадалі каня і купілі сучасны кам’ютарны працэсар.
Уражаны былі новыя члены сям’і і шчырым прыёмам, шматлікімі паветранымі шарамі, якімі Вольга ўпрыгожыла пакой. А ў хуткім часе разам з цёткай Марынай выправіліся на кірмаш за новымі рэчамі і прыладамі для школы. Безумоўна, якой дзяўчынцы не хочацца выглядаць прывабна, таму можна толькі здагадвацца, колькі радасці прынеслі ім абноўкі.
Паціху кавалачкі лёду ў душах сясцёр пачалі адтаваць, а адлегласць паміж прыёмнымі бацькамі і выхаванцамі скарачацца. Сяброўскія адносіны ўсталяваліся таксама з Вольгай і Уладзіславам: Даша, Саша і Ганна заўсёды з нецярпеннем чакаюць іх прыезду дадому.
З цікавасцю і задавальненнем разглядала шматлікія фотаздымкі вялікай дружнай сям’і. Вось пятнаццацігадовая Дар’я пазіруе перад камерай у прыгожым адзенні, на другім — неўгамонная выдумшчыца на разнастайныя забавы Саша разам з малодшай сястрой Ганнай, размалёваныя пад мультыплікацыйных малпу і чарапашку, паказваюць дамачадцам прадстаўленне. Ёсць у фотаальбоме і шмат здымкаў, дзе ўся сям’я разам, прытуліўшыся адзін да аднаго.
Асобна ў іншым альбоме і некалькі картак з мінулага жыцця дзяўчынак з роднымі бацькамі. Але яны не свецяцца ні радасцю, ні шчасцем. Цікава і тое, што гэты сумны напамін прывезла родная маці, якая нядаўна вярнулася з ЛПП. Некалькі разоў яна наведвала сваіх адхіленых крывінак. Аднак добрых падарункаў, а тым больш абяцанняў забраць дзяцей дадому ад гора-маці не паступала.
За гэты час, адзначае М. Бейнар, былі розныя сітуацыі, як і ў кожнай сям’і, але Марыя Уладзіміраўна і Вацлаў Уладзіслававіч, як выдатныя муляры, сваім цярпеннем, добразычлівасцю і тактам закладваюць падмурак будучага жыцця сваіх выхаванцаў. А будзе ён трывалым ці разбурыцца пры першых выпрабаваннях, залежыць толькі ад саміх дзяўчат.
Галоўнае, каб яны ўспрымалі сумленны ўчынак сям’і Бейнараў не як абавязак перад імі, а як шчырае жаданне падарыць ім шчаслівыя дзіцячыя гады і даць упэўненасць у будучыні.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.