Настаўнік — прафесія высакародная і стваральная

Главное

IMG_3790 (Small)У нядзелю настаўнікі, работнікі адной з самых масавых і запатрабаваных прафесій, адзначылі сваё прафесійнае свята. Напярэдадні яго, у пятніцу, у актавай зале гімназіі адбылася цырымонія ўшанавання педагогаў раёна пад назвай “Прызванне 2014”. Па-святочнаму апранутыя віноўнікі ўрачыстасці літаральна ўсіх узростаў — ад нядаўніх студэнтаў да паважаных пенсіянераў сабраліся на гэтае мерапрыемства.
У фае гімназіі, дзякуючы майстэрству выдатнага музыканта Вячаслава Цітовіча, з саксафона ліліся чароўныя мелодыі, якія прыдавалі святу своеасаблівую атмасферу ўзнёсласці і непаўторнасці.
Першым з прывітальнымі словамі да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. У прыватнасці, ён адзначыў, што прафесія педагога лічыцца самай высакароднай, стваральнай, творчай і адначасова складанай і адказнай, а выхаванне дзіцяці — гэта вялікая і значная праца.
Сяргей Мікалаевіч падкрэсліў, што большасць педагагічных кадраў — людзі нераўнадушныя, таленавітыя, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія творча развіваюць і захоўваюць лепшыя традыцыі нацыянальнай адукацыі, з’яўляюцца праваднікамі дзяржаўнай ідэалогіі.
Пасля цёплых віншавальных слоў кіраўнік раёна ўручыў вялікай групе настаўнікаў ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі, граматы і ўдзячнасці раённага выканаўчага камітэта. Уладзімір Сакалоўскі, кіраўнік узорнага аркестра народных інструментаў ЦДМ, быў адзначаны знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
Далей прыемную цырымонію ўзнагароджання ганаровымі граматамі абласнога ўпраўлення працягнула старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. Яна выказала педагогам шчырыя словы падзякі за іх добрасумленную працу, павіншавала са святам і пажадала далейшых поспехаў.
Пазней вядучыя пачалі выклікаць на сцэну намінантаў цырымоніі “Прызванне 2014”. У намінацыі “Твар прафесіі” кветкі і граматы раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму атрымалі 22 чалавекі. Усіх іх сардэчна вітаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч.
Пасля ўзнагароджання на сцэну для віншавання і ўручэння памятных падарункаў былі запрошаны педагогі школ і выхавальніцы дашкольных устаноў, якія многа гадоў свайго жыцця прысвяцілі навучанню і выхаванню дзяцей. Вядучыя расказалі асноўныя вехі працоўнай біяграфіі кожнага з іх, а з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі былі паказаны іх фотаздымкі ў маладосці. Шмат цёплых і ўдзячных слоў ветэраны педагагічнай нівы пачулі ад намесніка старшыні райвыканкама Іны Лысенка.
Віншаванні і ўзнагароджанні перамяжоўваліся цудоўнымі музычнымі нумарамі выхаванцаў Відзаўскага ДК. Не засталіся педагогі абыякавымі і ад кранаючага верша ў выкананні Яўгена Набеева.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
С. Шматаў уручае знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” У. Сакалоўскаму.
На саксафоне іграе В. Цітовіч.