На варце здароўя аднавяскоўцаў

Люди

IMG_3749 (Small)Капітальны рамонт, дзякуючы рэспубліканскай праграме аднаўлення сяла, у Відзаўскай участковай бальніцы быў зроблены пяць гадоў таму назад. І вельмі прыемна адзначыць, што за гэты час ні палаты, ні калідоры ніколькі не згубілі сваёй прывабнасці. Усюды таксама светла, чыста, камфортна. Да таго ж папрыгажэла тэрыторыя ўстановы аховы здароўя. На дварэ з’явіўся ўтульны, прыемны куточак для адпачынку з фантанам і кветкамі. Як паведаміў загадчык бальніцы Ігар Баранаў, гэты невялікі жыватворны аазіс супрацоўнікі стварылі сваімі рукамі. А ў 2012 годзе іх намаганні адзначыла і журы традыцыйнага конкурсу па добраўпарадкаванні і прысудзілі першае месца.
— Па сутнасці ад старога будынка засталіся толькі сцены, — знаёміць з умовамі работы Ігар Міхайлавіч. — Сучаснае абсталяванне зубаўрачэбнага кабінета, кабінета фізіятэрапіі, кухні, светлыя прасторныя палаты. Бальніца разлічана на 17 ложкаў, працуюць тут 54 чалавекі, пяць з іх урачы. У кожнага ёсць персанальны камп’ютар з выхадам у інтэрнэт, падключаны мы і да базы даных раённай бальніцы. Гэта значыць, што за рэнтгенаўскім здымкам хворага ў раён ехаць не трэба. Ёсць у нас дзве машыны “хуткай дапамогі”. Паколькі зона абслугоўвання даволі вялікая, то за змену бывае ад 10 да 15 выклікаў.
Увесь медперсанал установы мае кваліфікацыйныя катэгорыі, чатыры медсястры атрымалі вышэйшую, чатыры — другую, астатнія з першай катэгорыяй. Урач агульнай практыкі Нона Баранава ў 2009 годзе была ўдастоена ганаровага звання Чалавек года Віцебшчыны. Таму ва ўстанове працуюць сапраўдныя спецыялісты, людзі, якія не выпадкова абралі гэты складаны прафесійны шлях.
Так, Ірэна Корсак (на здымку) не толькі лечыць таблеткамі і ўколамі. Жанчына выдатна асвоіла тэхніку масажу. І зараз ад жадаючых размяць сваё цела і мышцы няма адбою.
Шмат гадоў працуе ў мясцовай лабараторыі Вольга Барысенкава (на здымку). Дзякуючы сучаснаму абсталяванню, яна можа зрабіць шматлікія аналізы, і хворым зусім не абавязкова ехаць у Браслаў.

IMG_3743 (Small)
Прыветліва сустрэлі тут і маладога спецыяліста. Больш за год адпрацавала ў Відзаўскай бальніцы ўрач агульнай практыкі Юлія Лісоўская. Дзяўчына родам з Падрукшы, таму ёй выдзелілі пакой у інтэрнаце каледжа.
Так дзень за днём відзаўскія медыкі сумленна стаяць на варце здароўя сваіх пасялкоўцаў і жыхароў бліжэйшых вёсак, што красамоўна даказвае: беларуская глыбінка не засталася без увагі і сацыяльная інфаструктура тут не ў заняпадзе.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.