МЭПД – надзейны інструмент у вырашэнні экалагічных задач

Новости

Браслаўскі раён – удзельнік многіх міжнародных праектаў рознай накіраванасці. Аднак незалежна ад сферы прыкладання намаганняў мы заўсёды імкнёмся захаваць аптымальны баланс паміж эканомікай, экалогіяй і вырашэннем сацыяльных праблем.
У верасні мінулага года ў Бялградзе (Сербія) Браслаўскі райвыканкам і Рэгіянальны экалагічны цэнтр па Усходняй і Цэнтральнай Еўропе падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў справе рэалізацыі праекта “Падтрымка ўстойлівасці і ўзмацненне экалагічнага планавання ў населеных пунктах Беларусі і Малдовы ў 2011-2014 гадах”. Адным з пунктаў дакумента была неабходнасць стварэння мясцовага экалагічнага плана дзеянняў (МЭПД) нашага раёна, які стане інструментам для вырашэння найважнейшых рэгіянальных экалагічных праблем. Пасля яго прыняцця Браслаўшчына атрымае прамы замежны грант у памеры 50 000 еўра ад Шведскага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы развіцця (SIDA).
Распрацоўцы дакумента МЭПД папярэднічала стварэнне рабочай групы і каардынацыйнага савета, члены якіх вывучалі замежны вопыт у вобласці экалагічнага планавання і рэалізацыі МЭПД, авалодвалі метадалогіяй справы. Спецыяльна праведзенае анкетаванне насельніцтва акрэсліла найбольш сур’ёзныя і важныя для браслаўчан экалагічныя праблемы. Пасля аналізу здабытай інфармацыі каардынацыйны савет вызначыў 4 прыярытэтныя накірункі для МЭПД Браслаўскага раёна: ліквідацыя несанкцыянаваных звалак і аптымізацыя колькасці палігонаў для камунальных адыходаў; паляпшэнне якасці пітной вады; арганізацыя належнага догляду за грамадскімі зялёнымі тэрыторыямі, паркамі, скверамі і г.д.; лакалізацыя і папярэджванне распаўсюджвання баршчэўніку Сасноўскага. Адпаведна ім былі створаны чатыры тэхнічныя каманды, якія рыхтавалі справаздачы.
На сумесным пасяджэнні рабочай групы і каардынацыйнага савета, якое адбылося 29 верасня 2014 года, быў разгледжаны і прыняты праект выніковай рэдакцыі МЭПД Браслаўскага раёна. З яго поўнай версіяй вы можаце азнаёміцца на афіцыйным сайце Браслаўскага райвыканкама (http://braslav.vitebsk-region.gov.by/ru/info_aktual).
Ужо ў бліжэйшы час у рамках паказальнага інвестыцыйнага праекта, які фінансуецца агенцтвам SIDA, плануецца набыццё спецыялізаванага аўтамабіля для збору і транспарціроўкі камунальных адыходаў, а таксама распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі па стварэнні рэкрэацыйнай інфраструктуры і зялёных зон у раёне, абмежаваных вуліцамі Кастрычніка – Дзяржынскага – Садовая, а таксама ў раёне шматкватэрнай забудовы па вуліцы Кастрычніка.
На працягу тыдня да 13 кастрычніка праводзіцца збор водгукаў насельніцтва па праекце МЭПД. Мы чакаем ад вас прапаноў і ўдакладненняў, якія пазней разгледзяць і прымуць да ўвагі члены рабочай групы і каардынацыйнага савета пры падрыхтоўцы выніковай рэдакцыі МЭПД Браслаўскага раёна. Свае прапановы вы можаце дасылаць па адрасе: г.Браслаў, вул. Савецкая, 119, каб.29 ці на электронны адрас mepd-bras@tut.by (абавязкова ўказвайце сваё поўнае імя і месцажыхарства).
Каштоўнасць планавага дакумента заключаецца ў тым, што ў ім сабраны і апрацаваны вялікі аб’ём важнай інфармацыі. Мясцовы экалагічны план дзеянняў дазваляе атрымаць больш поўнае і аб’ектыўнае ўяўленне пра Браслаўскі раён і прыняць рашэнне аб актыўным удзеле ў яго развіцці. Хачу падкрэсліць, што ён будзе вельмі цікавым для ўнутраных і знешніх інвестараў, бо ў ім прадстаўлены патэнцыял раёна – пачынаючы ад яго геаграфічнага становішча і заканчваючы прыроднымі багаццямі.

Наталля Кулікова,
каардынатар МЭПД па Браслаўскім раёне.