З любоўю да роднай мовы

Главное

IMG_3706 (Small)Усё самае лепшае ў чалавека пачынаецца ад бацькоўскага парога. І менавіта меладычныя беларускія песні матулі і бабулі, цікавыя народныя казкі дзядулі-каваля паслужылі для настаўніцы Опсаўскай школы Галіны Ларчанка трывалым падмуркам любові да роднай мовы.
З дзяцінства дзяўчынка ўбірала ў сябе ласкавыя беларускія гукі, шэпт каласоў і палявых кветак, хараство і таямнічасць лесу.
— Пакуль ідзеш да школы, — узгадвае Галіна Чаславаўна, — з захапленнем назіраеш за зменамі ў прыродзе, прыгадаеш усе вершы, нават паспрабуеш сама нешта скласці.
Амаль чатыры кіламетры праходзіла вучаніца ад роднай хаты ў Мацешах да Далёкаўскай школы. Таму часу для роздуму хапала. Так паступова беларускія карані пусцілі буйныя парасткі, і сёння Г. Ларчанка не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі.
Вось ужо 25 гадоў настаўніца прывівае любоў да роднай мовы сваім вучням. Усе гэтыя гады яна працавала ў школе, дзе калісьці сама спазнавала разнастайныя прамудрасці.
Вядома, што калі ў педагога ёсць зацікаўленнасць, то ён абавязкова знойдзе, як прывіць інтарэс да свайго прадмета дзецям. У метадычнай скарбонцы Г. Ларчанка шмат напрацовак. Да кожнага ўрока яна падыходзіць сур’ёзна і з творча. Выкарыстоўвае дыферэнцыраваны падыход у навучанні, эмацыянальную хвілінку, тэатралізаваныя элементы.
— Настаўнік – у нейкім сэнсе рэжысёр, — кажа Галіна Чаславаўна. — І кожны раз ён стварае свой невялікі спектакль. Калі дзецям было цікава, яны актыўна і з задавальненнем удзельнічалі на ўроку, спектакль удаўся.
Наконт паспяховасці навучання дзяцей у школе ў бацькоў бытуюць два асноўныя меркаванні: здольнае дзіця ў любога настаўніка будзе вучыцца добра, а ў таленавітага настаўніка “слабых” вучняў не бывае.
Другое меркаванне можна з упэўненасцю аднесці і да Г. Ларчанка. Яна не дзеліць навучэнцаў на “моцных” і “слабых”. Творчая, мэтанакіраваная, строгая і адначасова вельмі добразычлівая, яна ўмее дакрануцца да душы кожнага з вучняў і дапамагчы ім стаць сумленнымі, чалавечнымі, праўдзівымі і добрымі.
Яна ўпэўнена, што кожны педагог выхоўвае сабе падобных, таму толькі праз асабісты прыклад можна прывучыць дзетак да неабходнасці дбаць пра захаванне і развіццё невычэрпных скарбаў народнай мудрасці. Як выкладчык беларускай мовы Г. Ларчанка імкнецца, каб вучні палюбілі родную мову, каб хацелі размаўляць на ёй. Яна не прапускае ніводны конкурс, алімпіяду ці іншае мерапрыемства, дзе яе навучэнцы могуць паказаць сябе. І заўсёды настаўніцу перапаўняе шчасце, калі дзеткі выходзяць пераможцамі, калі іх вочы свецяцца ад задавальнення, ад таго, што яны адчуваюць сваю вартасць у жыцці.
Па праве ганарыцца настаўніца сваім вучнем Дзмітрыем Петкуном, які атрымаў дыплом першай ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове ў мінулым навучальным годзе. Безумоўна, такія вынікі натхняюць на далейшую плённую працу.
Ды і сама Галіна Чаславаўна з’яўляецца актыўнай удзельніцай усіх мерапрыемстваў, што праходзяць у агр. Далёкія, з задавальненнем выступае на сцэне ў розных ролях. І заўсёды яе героі размаўляюць на прыгожай сакавітай і меладычнай роднай мове. Не на апошнім месцы ў яе і фізічная загартоўка. Найбольш яе прываблівае рытмічная гульня баскетбол. А падчас пешых прагулак жанчына любуецца роднымі краявідамі, супакойваецца… І зноў, як у дзяцінстве, на памяць прыходзяць цудоўныя радкі з вершаў беларускіх класікаў.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.