Асаблівасці прызыву на ваенную службу

Главное

IMG_3668 (Small)“Браслаўская звязда” ў №70 паведамляла, што пачаўся восеньскі прызыў юнакоў на вайсковую службу. Пра яго асаблівасці і ішла наша размова з начальнікам групы прызыву Уладзімірам Шымуковічам.
— Уладзімір Іванавіч, колькі юнакоў з нашай мясцовасці будуць прызваны на тэрміновую службу гэтай восенню?
— У Браслаўскім раёне мерапрыемствам прызыву падлягае 350 чалавек ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, каля 50 з іх будуць праходзіць службу.
— А сам тэрмін службы не змяніўся?
— Не, той, хто мае вышэйшую адукацыю, служыць адзін год, астатнія—паўтара.
— Ці можа прызыўнік сам выбраць род войскаў і месца, дзе ён будзе праходзіць службу?
— Па магчымасці жаданне прызыўніка служыць у той ці іншай часці ўлічваецца. Але канчатковае рашэнне, у якім родзе войскаў узброеных сіл будзе служыць будучы салдат, прымаюць члены прызыўной камісіі.
— Студэнтам даецца адтэрміноўка на час навучання. Гэта датычыцца і студэнтаў-завочнікаў?
— Згодна з артыкулам 32 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб воінскім абавязку і ваеннай службе» прэтэндаваць на адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую службу або службу ў рэзерве для працягу адукацыі могуць юнакі, якія навучаюцца на дзённай форме ці паступаюць у магістратуру. Адтэрміноўка даецца адзін раз для паступлення. На адтэрміноўку маюць права і тыя студэнты вочнай формы, якія вучацца за мяжой. А вось завочнікам адтэрміноўка не прадугледжана.
— У некаторых краінах абавязковаму прызыву падлягаюць жанчыны. А ў Беларусі яны могуць трапіць на вайсковую службу?
—У адпаведнасці з артыкулам 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб воінскім абавязку і ваеннай службе» воінскі абавязак могуць выконваць грамадзяне жаночага полу, якiя адпавядаюць устаноўленым патрабаванням. Артыкулам 42 ўстаноўлена, што кантракт аб праходжанні ваеннай службы можа заключацца з дзяўчатамі і жанчынамі, толькі калі яны ваеннаабавязаныя, гэта значыць, знаходзяцца ў запасе і, як правіла, маюць спецыяльнасць медыцынскага профілю, ці не ваеннаабавязаныя, але дасягнулі 19 гадоў. Калі ў вайсковай часці маюцца вакантныя пасады і дзяўчына адпавядае патрабаванням, устаноўленым для праходжання ваеннай службы па кантракце, маецца станоўчае рашэнне атэстацыйнай камісіі і камандзіра часці, яна будзе прынята на ваенную службу па кантракце.
Да пасад, на якія дазваляецца прызначаць вайскоўцаў жаночага полу, у асноўным адносяцца вайсковыя пасады медыцынскіх спецыяльнасцей, сувязі, тылавога забеспячэння, справаводства і іншыя. Патрабаванні па стане здароўя да дзяўчат, што паступаюць служыць па кантракце, такія ж, як і да хлопцаў. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб статусе ваеннаслужачых» вайскоўцы жаночага полу карыстаюцца сацыяльнымі правамі і гарантыямі, звязанымі з аховай мацярынства і дзяцінства, усталяванымі заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
— Спіс хвароб, з-за якіх прызыўнік можа не трапіць на тэрміновую службу, перыядычна абнаўляецца. Ці з’явілася ў ім штосьці новае?
—Цяпер у нашай краіне дзейнічаюць патрабаванні да стану здароўя грамадзян, зацверджаныя сумеснай пастановай Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя ад 20 снежня 2010 г. №51/170. Змены ўносіліся ў ліпені 2012 года. Апошнія два гады спіс не мяняўся, і ўсю актуальную інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце.
—Раней хлопцаў з недахопам вагі не бралі ў салдаты. А як зараз?
— У адпаведнасці з патрабаваннямі прызыўнікам з недастатковай масай цела пасля кансультацыі з урачамі прадугледжана адтэрміноўка па стане здароўя на 6 месяцаў. Па яе заканчэнні медыцынская камісія яшчэ раз вывучае стан прызыўніка, глядзіць, ці набраў ён вагу, і тады прымаецца канчатковае рашэнне пра прыдатнасць маладога чалавека да службы.
—Прызыўнікі з некаторымі хранічнымі захворваннямі падпадаюць пад патрабаванні прыгоднасці. Але ж ім падчас нясення службы патрэбны будзе нагляд ўрачоў.
— Як толькі салдаты тэрміновай службы прыбываюць у вайсковую часць, яны праходзяць абавязковы медагляд. Зыходзячы з вынікаў, салдат падзяляюць па групах стану здароўя і заняткаў па фізпадрыхтоўцы. Тыя, у каго ёсць хранічныя захворванні, бяруцца ўрачом часці пад нагляд. У залежнасці ад хваробы праводзяцца розныя прафілактычныя мерапрыемствы. Напрыклад, салдат з праблемамі стрававання будзе харчавацца па дыетычным меню. Увогуле, у арміі робяць усё магчымае, каб захаваць здароўе салдата і нават палепшыць яго.
— Дзякуй, Уладзімір Іванавіч, за размову.
Жанна Бялько.
Фота аўтара.