Астравок міласэрнасці, дабрыні і спакою

Главное

IMG_3663 (Small)Маладосць праходзіць, і гэта – беспаваротна. Праўда, пакуль мы поўныя сіл і энергіі, заняты работай, наўрад ці задумваемся над такімі пытаннямі, як адзінота і старасць. Яны адольваюць чалавека нечакана-негадана, адрываючы і ад грамадства, і ад навакольнага свету. Як справіцца тады з усімі бытавымі, гаспадарчымі праблемамі, дзе шукаць дапамогу?.. Тым больш, што не ва ўсіх дзяцей ёсць магчымасць часта наведваць сваіх бацькоў, але як жа ім патрэбны клопат, увага і цёплая падтрымка!
Своеасаблівым выратавальным кругам для нямоглых бабуль і дзядуль стала аддзяленне кругласутачнага знаходжання ў Барунах. Вось ужо чатыры гады яго дзверы гасцінна адкрыты для адзінокіх састарэлых і інвалідаў.
Можа ў чыёй-небудзь свядомасці яшчэ бытуе стэрэатып, што падобнага роду ўстанова — гэта шэры будынак з абшарпанымі батарэямі і непрывабнымі фіранкамі. Нічога падобнага! У Барунах для пажылых людзей створаны ўсе неабходныя для камфортнага жылля ўмовы. Радуе сучасны інтэр’ер. Усюды – новая мэбля. Утульная сталовая, зала для адпачынку, кабінет персаналу, падсобныя памяшканні, пабудавана лазня — усё для таго, каб пастаяльцы адчувалі сябе як дома. Да таго ж, як адзначыў дырэктар установы Уладзімір Мажылоўскі, у мясцовым калодзежы вельмі чыстая вада — можа тыдзень стаяць, а ніякага асадку не будзе.
— Разлічана наша аддзяленне на 40 месцаў, — расказвае сацыяльны работнік Чэслава Мажылоўская, — На сённяшні дзень тут жывуць 30 чалавек. Зімой колькасць пастаяльцаў павялічваецца.
— І гэта не дзіўна. Зіма – не надта добрая пара года для адзінокіх пажылых людзей, якія жывуць у вёсцы. Трэба і печку выцепліць, і вады прынесці, і страву прыгатаваць, а сіл і здароўя ўжо няма. А тут і прытуляць, і абагрэюць, і накормяць.
Дарэчы, у аддзяленні чатырохразовае харчаванне. Меню ўдзяляецца шмат увагі. Атрымліваюць пастаяльцы сокі, фрукты, саладосці. А стравы прыгатаваныя ўмелымі рукамі выдатных паварых Надзеі Грэс і Ліліі Кавалеўскай прыходзяцца вельмі даспадобы, парой капрызным, жыхарам установы.
Чэслава Казіміраўна адзначае, што амаль на вачах новыя насельнікі папраўляюцца, крэпнуць здароўем.
— Нам тут добра, — прызналася Іраіда Якаўлева. — Усяго хапае: і ежы, і ўвагі. Як ў Бога за пазухай.
У вольны час бабулі і дзядулі збіраюцца разам на вячоркі, успамінаюць маладосць, дзеляцца сваімі думкамі, спяваюць песні. Ёсць і свой баян, і свой баяніст. Любяць пастаяльцы паглядзець тэлевізар, а зараз у іх з’явілася магчымасць глядзець любімыя перадачы на шырокафарматным сучасным экране. Ёсць і кнігалюбы. А вось Эдуард Зінкоўскі ( на здымку) выпісвае “раёнку”, якую потым з задавальненнем чытаюць іншыя.
Да бабуль і дзядуль прыязджаюць госці. Не толькі радня і знаёмыя, але і проста нераўнадушныя людзі. Наведваюць пажылых людзей вучні з Плюскай школы, гімназіі, СШ № 2, дораць ім падарункі і ўносяць у іх аднастайнае жыццё крыху цяпла і святла, завітваюць святары з царквы і касцёла, неаднойчы радаваў сваімі канцэртамі народны хор ветэранаў РДК.
Безумоўна, у кожнага свой непаўторны лёс і свая дарога сюды. Хтосьці застаўся зусім адзін на гэтым свеце, а ў каго ёсць і родныя, і блізкія, якія не надта гараць жаданнем прытуліць у сябе састарэлага нямоглага чалавека.
Самае галоўнае, што ім патрэбна зараз, — выратаванне ад бездапаможнасці, тугі і адзіноты. Такім астраўком міласэрнасці, дабрыні, спакою і стаў для састарэлых гэты цёплы дом.
— Мы пранікліся любоўю да кожнай бабулі і дзядулі, — гаворыць …. Казіміраўна. — Часам ім патрэбна проста наша падтрымка і добрае слова.
Ніхто з пажылых людзей тут не застаецца без увагі. Адносіцца да ўсіх, як да родных бацькоў, — норма і стыль работы супрацоўнікаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.