Галоўны ідэолаг — галава дзяржавы

Главное

Міністр (Small)На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое праходзіла ў мінулую пятніцу, у якасці асноўнага разглядалася пытанне «Аб стане ідэалагічнай работы і рэалізацыі інфармацыйнай палітыкі дзяржавы ў сельгасарганізацыях раёна».
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў зазначыў, што ідэалогія — гэта тыя нормы і правілы, па якіх жыве дзяржава. І ў нашай краіне склалася яе стройная сістэма. Не выключэнне ў гэтым плане і Браслаўшчына.
Намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка як асноўны дакладчык паведаміла, што персанальную адказнасць за стан ідэалагічнай работы ў калектыве нясе, безумоўна, яго кіраўнік, а непасрэдна каардынуюць яе ў аграрнай галіне адказныя за арганізацыю ідэалагічнай работы, толькі ў «Маяку Браслаўскім» і «Агравідзах» — намеснікі кіраўніка, а ў КУСП «Браслаўскі» — спецыяліст па ідэалагічнай рабоце. З мэтай тлумачэння сельскім жыхарам асноўных накірункаў сучаснай дзяржаўнай палітыкі ў сельгасарганізацыях дзейнічаюць і 11 інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якія, напрыклад, у мінулым годзе правялі 195 сустрэч.
Кожнае сельгаспрадпрыемства летась наведала і інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама. Падчас такіх сустрэч не толькі тлумачацца асноўныя аспекты дзяржаўнай палітыкі, а і закранаюцца пытанні жыццезабеспячэння сельскага насельніцтва — добраўпарадкавання населеных пунктаў, выдалення аварыйных дрэў, газіфікацыі, графіка руху аўталавак, закупу малака і г.д. Атрымліваюць вясковыя жыхары патрэбныя каментарыі і падчас дзён жывёлаводаў, сходаў, сустрэч па месцажыхарстве.
Увогуле ж, як адзначыла Іна Лысенка, намаганні ідэолагаў сельгаспрадспрыемстваў накіраваны ў першую чаргу на ўмацаванне працоўнай дысцыпліны, рацыянальнае выкарыстанне ўсіх відаў рэсурсаў, павышэнне матывацыі да працы, ролю чалавечага фактара ў вытворчай і грамадскай дзейнасці, стымуляванне патрэбы ў здаровым ладзе жыцця. Таму заўжды ў полі зроку ідэалагічных работнікаў выкананне патрабаванняў дырэктыў Прэзідэнта «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», «Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата», «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы», дэкрэта «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем’ях».
Іна Лысенка таксама акрэсліла ролю, якую іграе ў жыцці працоўных калектываў арганізацыя мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным і прафесійным святам, спаборніцтваў падчас сельскагаспадарчых кампаній, цеснай сувязі з установамі адукацыі і культуры, грамадскімі аб’яднаннямі. Акцэнтравала ўвагу і на шэрагу мер, што садзейнічаюць замацаванню на працоўных месцах маладых кадраў.
Нягледзячы на тое, што напрацовак у плане арганізацыі ідэалагічнай работы ў сельгаспрадпрыемствах сапраўды нямала, дакладчык агучыла і шэраг пытанняў, якія патрабуюць аператыўнага ўмяшання, сярод іх адсутнасць адказных за гэты накірунак дзейнасці ў аграсэрвісе і «Бярозавым краі», парушэнні працоўнай дысцыпліны абавязанымі асобамі ў «Слабодцы-агра», «Агравідзах» і «Друйскім», невысокая актыўнасць прыцягнення моладзі ў пярвічкі БРСМ, шмат недахопаў у выкарыстанні вугалкоў жывёлаводаў.
У якасці судакладчыкаў старшыня прафкама работнікаў АПК Мікалай Вялічка акрэсліў ролю прафарганізацый у жыцці працоўных калектываў сельгаспрадпрыемстваў, а Надзея Яновіч, адказная за арганізацыю ідэалагічнай работы ў ААТ «Друйскі», падзялілася вопытам работы.
У абмеркаваннні пытання, вынесенага на парадак дня пасяджэння райвыканкама, удзельнічала і міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч. Яна, у прыватнасці, зазначыла, што ідэалогія — той стрыжань, які, як хрыбет, як крывяносныя сасуды, трымае нашу краіну. Мы нічога не замоўчваем. Кожны ведае ўсё і мае свой пункт погляду. Мы краіна, якая паказвае свету, якой можа быць — упэўненай, паспяховай, спакойнай. Галоўны ідэолаг — Галава дзяржавы. І ўсім трэба ўмець рэалізоўваць тое, што кажа кіраўнік краіны.
Дарэчы, пасля пасяджэння райвыканкама міністр інфармацыі Беларусі адказала і на пытанні, што паступілі на тэлефоны «прамой лініі». Іх, праўда, было не шмат. Тамара Пятроўна цікавілася, ці прадугледжаны льготы на набыццё прыстаўкі да тэлевізара ў сувязі з пераходам у 2015 г. на лічбавае тэлебачанне. Лілія Ананіч адказала, што кошт прыстаўкі такі, што пераход на якасны «малюнак» пройдзе «бязбольна» нават для пенсіянераў. А Галіна Іванаўна з Відзаў выказвала сумненні наконт мэтазгоднасці колькасці назваў газет, бо яны ўсё ж, у большасці, нясуць адну і тую ж інфармацыю. Міністр адказала, што аптымізацыя інфармацыйных рэсурсаў ідзе, але гэта не значыць, што трэба штосьці бяздумна скарачаць, галоўнае — стварыць канкурэнтаздольны запатрабаваны прадукт, які мае сваё інфармацыйнае поле.
Міністр інфармацыі сустрэлася таксама з калектывам рэдакцыі раённай газеты, акрэсліла задачы, якія неабходна рашаць рэгіянальнай прэсе, каб у час інфармацыйных тэхналогій не «згубіцца» ў інфармацыйнай прасторы.

Казімір Пятушка.