“Спецназ” блакітнага паліва

Главное

Спецназ Слесар С. Сівіцкі, Вадзіцель С. Дудевіч (Small)Газ трывала ўвайшоў у нашу рэчаіснасць. Без гэтага віду паліва цяпер немагчыма нават уявіць камфортнае жыццё. І каб блакітны хатні ачаг штодзень дарыў людзям цяпло і ўтульнасць, брыгада аварыйна-дыспетчарскай службы райгаза па першым выкліку імчыцца выправіць небяспечную сітуацыю, таму радкі вядомай песні “служба дні і ночы” ў поўнай меры адносяцца не толькі да міліцыі, але і да газавікоў.
Найперш званок паступае дыспетчару, які тут жа перадае заяўку аварыйнай брыгадзе. У гэтым падраздзяленні працуюць сёння чатыры змены, у кожную ўваходзіць дыспетчар, вадзіцель і слесар. Гэтая служба — самае важнае звяно ў ланцугу бяспечнага і безаварыйнага газазабеспячэння жыхароў раёна, якая ў любую хвіліну сутак імгненна выязджае на ўхіленне аварыйных непаладак.
Работа вельмі адказная і небяспечная, таму, як адзначыў старшы майстар філіяла РВУ “Браслаўрайгаз” Ігар Корсак, у гэтую службу работнікаў пераводзяць толькі праз год, ды і тое не ўсіх.
— Газ — тая сфера, дзе не павінна быць ніякіх памылак і недахопаў, — кажа Ігар Часлававіч, — таму да падбору кадраў мы падыходзім вельмі грунтоўна.
Газавікі сапраўды штодзень выконваюць складаную справу, і на месцы іх практычна не застаць. Ім на працягу дня часта даводзіцца аператыўна пераязджаць з аднаго аб’екта на другі. Акрамя аператыўных выездаў і аварыйна-аднаўляльных работ, яны заняты заменай газавых пліт, абслугоўваннем катлоў і іншага газавага абсталявання. Таму прафесіяналізм, дысцыплінаванасць — адметныя рысы гэтых спецыялістаў.
Аксіёма, што сапёр памыляецца толькі адзін раз у жыцці. У працы з газам таксама ніякі промах не дапушчальны, бо адлік можа ісці на некалькі дзясяткаў чалавечых жыццяў.
Таму выкананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі тут на першым месцы. У вызначаны тэрмін усе супрацоўнікі праходзяць адпаведныя інструктажы, рабочыя аснашчаны індывідуальнымі сродкамі абароны.
У бягучым годзе са студзеня па жнівень, паведаміў І. Корсак, спецыялізаваным падраздзяленнем было лакалізавана ў раёне 30 перадаварыйных сітуацый, і, дзякуючы адладжаным і аператыўным дзеянням аварыйных брыгад, гэтыя непаладкі не перараслі ў сур’ёзныя аварыі.
На шчасце, на тэрыторыі раёна на сённяшні дзень абыходзіцца без гібелі людзей пры выкарыстанні газу. Тым не менш статыстыка па краіне сведчыць пра зусім не суцяшальныя факты. Атручванне чадным газам са смяротным зыходам, выбухі і пажары памяшканняў. Вось жудасныя вынікі чалавечай бяспечнасці.
— Часцей за ўсё, — кажа І. Корсак, — аварыі здараюцца па віне саміх домаўладальнікаў, якія самавольна замяняюць газавыя балоны, спрабуюць ліквідаваць непаладкі ў ацяпляльных катлах і газавай сістэме. Нямала трагедый здараецца і па віне нецвярозых гаспадароў.
Несумненна, газ — каштоўнае прыроднае багацце, на якім трымаецца і наш дабрабыт. Але ніколі нельга забываць, што ў любую хвіліну шчыры падарунак зямных нетраў можа ператварыцца ў знішчальны агонь. А каб гэтага не здаралася, на варце нашай бяспекі заўсёды стаіць аварыйна-дыспетчарская служба, якую нярэдка называюць “спецназ”.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.