Весялілі народ Лявоніха і Сымоніха

Главное

IMG_4655 (Small)У падрыхтоўцы і правядзенні свята аграгарадка Ахрэмаўцы, якое ладзілася ў мінулую нядзелю ў парку Бяльмонты, прынялі ўдзел не толькі работнікі культуры. Завіталі сюды, акрамя шматлікіх мясцовых жыхароў, работнікі райпа, магазіна “Еўраопт”, індывідуальны прадпрымальнік з Наваполацка Жанна Грыгор’ева з дзіцячымі атракцыёнамі. Спонсарамі выступілі ІП Вольга Пятроўская, Алена Высоцкая, ААТ “ТБЗ Браслаўскі”.
Вядучыя свята Лявоніха і Сымоніха стараліся, каб мясцовыя жыхары не толькі весела адпачылі ў выхадны дзень, а паслухалі добрыя песні, сустрэліся з тымі, каго, магчыма, даўно не бачылі. А яшчэ, каб ушанаваць юбіляраў і вядомых у аграгарадку людзей.
Сярод тых, каго запрашалі на сцэну, была і Ірэна Яроцкая, жанчына, якой сёлета спаўняецца 87 гадоў. Яна мае дваіх дзяцей, чацвёра ўнукаў і трох праўнукаў.
А колькі людзей яшчэ адзначаць у гэтым годзе круглыя даты! Пералічыць імёны і прозвішчы ўсіх проста немагчыма. Усім ім жадалі моцнага здароўя і яшчэ шмат гадоў жыцця.
Так атрымалася, што акурат у дзень правядзення свята, 10 жніўня, нарадзіўся Іван Вярцінскі. Яму споўнілася 19 гадоў, а 26 ліпеня хлопец ажаніўся з Кацярынай. А 27 ліпеня дзень нараджэння адзначыла і маладая жонка. З трыма падзеямі адразу віншавалі вядучыя гэтую маладую сям’ю.
Жывуць у Ахрэмаўцах сёння і 13 шматдзетных сямей. У самай “багатай” маці аж 13 дзетак.
Нядрэнная ў Ахрэмаўцах і дэмаграфічная сітуацыя. З пачатку бягучага года тут нарадзілася 9 дзяцей.
Віншаванні на свяце прымалі таксама ўрачы і персанал мясцовай амбулаторыі, школы, аддзялення сувязі, кафэ.
Цёплыя словы адрасавала ўсім жыхарам аграгарадка і гасцям старшыня сельвыканкама Дзіяна Тарун.
Прыўзняты настрой дапамагалі ствараць вакальны гурт “Браслаўскія весялухі”, дырэктар Мількаўскага СДК Марыя Сініца.
Нумары канцэртнай праграмы перамяжоўваліся з конкурсам на лепшы букет, спартыўнымі спаборніцтвамі, гульнямі. Не абышлося ж, вядома, і без прызоў. Словам, усе, хто завітаў на свята, атрымалі не толькі станоўчыя эмоцыі, але з задавальненнем правялі вольны час.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.IMG_4657 (Small)