Прайсці выпрабаванні і стаць русалкай

Новости

IMG_2922 (Small)Невялікі дождж і неба, закрытае хмарамі, не перашкодзілі браслаўчанам і гасцям горада сабрацца ў мінулую пятніцу на гарадскім пляжы, дзе разгарнулася цікавае відовішча, восем прыгожых дзяўчат змагаліся за званне галоўнай русалкі нашага азёрнага краю.
Сёлета месца асноўнага дзеяння было абнесена турнікетамі і стужкамі, і, каб трапіць на шоу, трэба было заплаціць за ўваход 20. 000 рублёў. Згадзіцеся, сума літаральна сімвалічная, таму гледачоў сабралася нямала.
На пляж адважных канкурсантак — Вольгу Лубочку, Ганну Гардзевіч, Алену Пузырэўскую, Таццяну Крот, Сняжану Касай, Настассю Манкевіч, Надзею Кавалёву і Крысціну Сташкевіч — даставілі выратавальнікі спачатку на маторцы, а затым на лодцы з вёсламі.
Пасля знаёмства з членамі журы, дзяўчатамі і іх дэфеле ў купальніках і цяльняшках па пляжы пачалася ўпартая барацьба за карону пераможніцы і галоўны прыз — планшэт. Вядучыя праграмы прапанавалі прыгажуням даволі экстрэмальны конкурс — забег па вадзе з перашкодамі, пасля якога толькі тры самыя спрытныя канкурсанткі ўселіся на водны банан. Даўжэй за ўсіх на гэтым экзатычным атракцыёне ўтрымалася Алена Пузырэўская.
З міфаў і легенд пра русалак вядома, што гэтыя істоты грацыёзныя, маюць заманлівы голас, хутка знаходзяць скарбы на дне марскім. Менавіта гэтыя якасці і дэманстравалі дзяўчаты падчас разнастайных вясёлых конкурсаў. Не пакінулі гледачоў раўнадушнымі іх танцавальныя рухі і спевы, спрыт пры пошуку манет у басейне з вадой.
Трэба адзначыць, што шоу-праграма атрымалася вельмі насычанай і цікавай. Паміж спаборніцтвамі выступалі артысты раённага Дома культуры, парадавалі слухачоў і госці са сталіцы. Не абышлося свята без традыцыйных герояў — Нептуна, Вадзянога, Медузы і Жабы, якія забаўлялі прысутных гумарыстычнай праграмай і вясёлымі конкурсамі.
Побач на пляжы праходзіў конкурс пясчаных фігур і бодзі-арт. Вучні гарадскіх устаноў адукацыі і рэабілітацыйнага туберкулёзнага цэнта шчыравалі над пляжнымі шэдэўрамі. Кожны год дзеці здзіўляюць сваімі здольнасцямі і фантазіяй, бо тварэнні іх рук сапраўды прыгожыя і арыгінальныя.
Парадаваў значны асартымент тавараў, які прапаноўвала райпа, — гарачыя духмяныя шашлыкі, піццу, смажанкі, бутэрброды, здобу і напіткі. Да таго ж пакаштаваць прысмакі можна было за акуратнымі столікамі пад навесам.
І толькі калі ўжо пачало цямнець, развеялася галоўная інтрыга вечара, а старшыня журы і раённага аб’яднання “Белая Русь” Яраслаў Сапель назваў імя пераможцы. Пад шчырыя апладысменты і бурныя выклікі прысутных карона, званне галоўнай русалкі азёрнага краю і планшэт дастаўся Вользе Лубочцы. Думаю, студэнтцы Полацкага ўніверсітэта вельмі спатрэбіцца выйгранае электроннае ўстройства, ды і атрыманыя эмоцыі падзарадзілі дзяўчыну станоўчай энергіяй.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.22