Амаль па Рынгельману

Главное

DSC_6993У далёкім 1927-м годзе пад кіраўніцтвам французскага інжынера Максіміліяна Рынгельмана была праведзена серыя цікавых эксперыментаў. Заключаліся яны ў наступным. Самым звычайным людзям прапаноўвалі падымаць цяжары. Для кожнага чалавека фіксавалі максімальную вагу, якую той мог асіліць. Пасля гэтага паддоследных аб’ядноўвалі ў групы. Тэарэтычна паднятая, напрыклад, двума людзьмі вага павінна была быць роўнай суме іх персанальных вынікаў. Аднак чаканні не пацвердзіліся. Двое падымалі 93% ад сумы індывідуальных паказчыкаў, а восем – толькі 49%. Лічбы праверылі на перацягванні каната – вынік той жа. Прычым пры павелічэнні колькасці ўдзельнікаў груп працэнт толькі падаў. Прычына – спроба перакласці частку работы на іншага ўдзельніка каманды, у той час, калі пры індывідуальнай рабоце разлічваць прыходзіцца толькі на сябе. Пазней такую з’яву назвалі “Эфектам Рынгельмана” ці “Эфектам сацыяльнай ляноты”.
Мы абяцалі сачыць за ходам добраўпарадкавання браслаўскай брукаванай дарогі, якая бадзёра пачалася вясной. Тады меліяратары і камунальнікі прывялі прылягаючую да дарогі тэрыторыю ў належны выгляд: выдалілі старыя дрэвы, ажыццявілі планіровачныя работы, вывезлі смецце. Тады ж быў аб’яўлены збор сродкаў на спецыяльны рахунак. Грошы планавалася накіроўваць выключна на добраўпарадкаванне “брукаванкі”.
Зараз ужо канец лета, аднак значных зрухаў у названай справе так і не адбылося. Так, на месцы былых гор смецця зелянее трава, увогуле выгляд горада з боку пляжа стаў больш прывабным. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Давыдзенкі, асноўная дзейнасць летам праходзіла, што называецца, за кулісамі. Віцебская фірма па заказе ДП “Браслаў-камунальнік” вырабіла надпіс “Браслаў”, які з’явіцца на схіле пад цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яго ўстаноўка павінна пачацца ўжо ў самы бліжэйшы час. Праект, дарэчы, аказаўся даволі дарагім: на ўсё пра ўсё неабходна каля 100 мільёнаў рублёў. На гэтыя мэты ўжо накіравана больш за 50 мільёнаў са сродкаў раённага суботніка.
Што тычыцца збору сродкаў, то з вясны на рахунак паступіла толькі 200 тысяч рублёў ад дзвюх фізічных асоб. Прадпрыемствы, арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі прапанову праігнаравалі. Сярод прычын, якія даводзілася чуць, недавер уладам наконт мэтавага выкарыстання сродкаў.
Такім чынам, рэалізацыя ладнай ініцыятывы па стварэнні на так званай старой дарозе зоны адпачынку пакуль буксуе. Між тым патрэбу ў ёй маюць многія. Горад мае магчымасць атрымаць прыгожы, запатрабаваны і наогул унікальны турыстычны аб’ект, а разам з ім і некалькі балаў у скарбонку свайго курортнага іміджу. Браслаўчане ж і госці нашага горада – выдатнае месца адпачынку і баўлення часу.
У той жа час вымалёўваецца наступная карціна: у каго ні спытай – ініцыятыву падтрымліваюць, але рэальна дапамагаць не надта і спяшаюцца. Складваецца ўражанне, што мы, як тыя ўдзельнікі эксперыменту, перакладаем нагрузку адзін на аднаго ў спадзяванні, што справу за нас зробіць нехта іншы. Стары Рынгельман, можа, меў рацыю?

Вячаслаў Каладынскі.

Усе жадаючыя па-ранейшаму маюць магчымасць унесці сваю лепту ў добраўпарадкаванне зоны адпачынку. Для гэтага трэба папоўніць спецыяльны рахунак №3641312000015 у ЦБП №205 АСБ “Беларусбанк” з паметкай “Добраўпарадкаванне брукаванкі”. МФО 150801660. Райвыканкам гарантуе мэтавае выкарыстанне сабраных сродкаў.