Разам зробім быт мірным

Главное

mirumirДля дасягнення станоўчых вынікаў па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, якія ўчыняюцца ў сферы сямейна-бытавых зносін, папярэджванні п’янства і фарміраванню здаровага ладу жыцця сярод жыхароў нашага раёна Браслаўскім РАУС з 14 па 18 жніўня арганізаваны спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Быт”.
Падставай для гэтай акцыі стаў рост цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у сферы сямейна-бытавых зносін, бо за сем месяцаў 2014 года заведзены 3 крымінальныя справы за нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да кароткага расстройства здароўя, яшчэ адна справа — за катаванне.
Так, у студзені 2014 года распачата крымінальная справа ў дачыненні да жыхаркі в. Цяцеркі, якая нанесла цяжкія цялесныя пашкоджанні свайму мужу. На слыху і яшчэ адзін выпадак. У красавіку ў Браслаўскую ЦРБ была дастаўлена жыхарка в. Ельна, якая ў рэанімацыйным аддзяленні ў гэты ж дзень памерла. Яе сужыцель-пенсіянер у стане алкагольнага ап’янення пасварыўся з жанчынай, а потым збіў яе, што і стала прычынай смерці. Дарэчы, сужыцелі злоўжывалі спіртнымі напіткамі, а перад гэтым жудасным выпадкам знаходзіліся ў працяглым запоі.
Пад асаблівы кантроль у час аперацыі “Быт” трапляюць, перш за ўсе асобы, якія знаходзяцца ў РАУС на прафілактычным ўліку. Гэта аматары сямейных сварак, выпіць, пахуліганіць, якія дастаўляюць нязручнасці не толькі сваім дамачадцам, але і суседзям. Таксама тлумачальную працу супрацоўнікі міліцыі праводзяць з абавязанымі і раней судзімымі асобамі. Не застануцца без увагі сталыя людзі, якія жывуць з тымі, хто вядзе амаральны лад жыцця.
Супрацоўнікі РАУС заклікаюць усе зацікаўленыя структуры праявіць актыўнасць у вырашэнні праблем сямейна-бытавых зносін, а жыхароў раёна — не заставацца абыякавымі і пра ўсе вядомыя факты парушэння антыалкагольнага заканадаўства, гвалт у сям’і паведамляць у міліцыю.

Аляксандр Смірноў,
начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Браслаўскага РАУС.