У яе душы пануе музыка

Главное

Паланезы і мазуркі Шапэна, Венгерскія рапсодыі Ліста, оперы і сімфоніі Чайкоўскага… Гэтыя і іншыя шэдэўры сусветнай класікі нярэдка чуваць з акон Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Многія з класічных твораў выконвае і вучаніца гэтай установы Дар’я Каламыцава. Па класе фартэпіяна яна вучыцца шосты год. І хоць цяпер дзяўчынка на летніх канікулах, але кожны дзень па дзве-тры гадзіны іграе на сваім любімым музычным інструменце, вывучае новыя кампазіцыі. І ёй гэта дастаўляе сапраўднае задавальненне. А ў вольны час паспявае пагуляць з малым брацікам Дзімам, які, дарэчы, таксама праяўляе інтарэс да інструмента Дашы, так і рвецца націснуць на клавішы, і з сяброўкамі адпачыць. Прачытала ўсю літаратуру, якая была зададзена на лета. Словам, у яе як і ў вучэбны час, так і ў вольны ўсё распісана па хвілінах. Заняткі музыкай дысцыплінуюць.
Такая мэтанакіраванасць, упартасць Д. Каламыцавай, імкненне пазнаць як мага больш прыносяць плён. У скарбонцы гэтай юнай піяністкі шмат самых розных узнагарод, бо дзякуючы падтрымцы бацькоў, яна прымае ўдзел у конкурсах не толькі раённага, але і абласнога, рэспубліканскага маштабу. Свой самы першы дыплом Даша атрымала ў 2010 годзе за лепшае выкананне фартэпіяннага твора ў ДШМ, затым за лепшае выкананне поліфаніі. Чарговую ўзнагароду прынёс наступны год, дзе на конкурсе фартэпіянных ансамбляў, які праходзіў у РДК, разам са сваёй сяброўкай Аленай Волкавай яны атрымалі Гран-пры.
У 2012 г. Д. Каламыцава паехала на занальны адбор у Наваполацк і трапіла на конкурс у Віцебск. І хоць прызавога месца там не заваявала, але пазней даведалася, што такога поспеху не меў за 15 гадоў ніхто з навучэнцаў музычнай школы. Усё ж грамата “За паспяховае выступленне” таксама трапіла ў скарбонку юнай піяністкі. Дарэчы, старшынёй журы тады быў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РБ, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ігар Алоўнікаў.
Насычаным на выступленні выдаўся і 2013 год. У ДШМ праходзіў конкурс “Чайкоўскі – дзецям”. У Дар’і – першае месца. Упершыню ў гэтым жа годзе трапіла і на пяты адкрыты фестываль-конкурс “Фартэпіянныя іскаркі”, які праходзіў у Клецку. Там выступленне Д. Каламыцавай таксама заўважыла журы. Дар’і ўручылі дыплом за выкананне сачыненняў беларускага кампазітара.
Папоўніў колькасць узнагарод і дыплом І ступені з адкрытага конкурсу юных піяністаў, што праходзіў у Паставах.
Сёлета Дар’я прыняла ўдзел у конкурсе “Натхненне”, што праходзіў у Наваполацку, адкуль прыехала з І-ым месцам і атрымала званне дыпламанта на конкурсе ў Клецку. Словам, дзяўчынка на працягу ўжо колькіх гадоў карыстаецца прызнаннем.
Вялікая заслуга ў гэтым, вядома ж, яе настаўніцы Таццяны Ферко, якая нярэдка займаецца са сваёй вучаніцай і дадаткова. Вельмі справядлівая, але і патрабавальная, бо ведае, што ў Дар’і яшчэ шмат нераскрытых талентаў, якія трэба развіваць.
Цяга да музыкі ў Дар’і праявілася ў пяць гадоў. Тата, сам заўзяты аматар музыкі, праўда, больш рок-н-рола, пачынаў дачушку прывучаць да мастацтва на сінтазатары. Бачыў, што яна праяўляла інтарэс. І таму сёння сям’я Каламыцавых дзвюма рукамі “за”, каб іх дачка стала не проста аматарам, а прафесіяналам у музычнай сферы, пакарала музычныя вяршыні і пазнавала ў гэтым накірунку ўсё боль і больш.
Мара Дар’і Каламыцавай – паступленне ў Наваполацкі музычны каледж. І хочацца верыць, што пры яе ўпартасці гэта мара збудзецца.
У звычайным жыцці Дар’я, па словах бацькі, вельмі сціплая дзяўчынка. У гэтым я і сама ўпэўнілася пры сустрэчы. Але, як адзначаюць яе настаўніца і бацькі, у яе ні адна жылка не дрыгне, калі садзіцца за свой любімы інструмент і пачынае іграць.
Акрамя музыкі, у Дар’і з’яўляюцца перыядычна і іншыя захапленні. Яна ўмее плесці з бісеру, вышываць крыжыкам, любіць чытаць.
Хочацца, каб сярод нашых падлеткаў было больш такіх апантаных сваімі захапленнямі. Інтэрнэт, віртуальнасць, магчыма, гэта крута, але рэальнасць і святая да сапраўднай музыкі любоў – ніколі і нічога не заменяць.

Зінаіда Палулех.
Фота з сямейнага архіва Каламыцавых.