СВЯТА Ў МАНАСТЫРЫ

Главное

100_7096 (Small)Мудрыя людзі кажуць, што наш свет трымаецца малітвамі святых, і аднаго з іх аднолькава шануюць хрысціяне як праваслаўнага веравызнання, так і каталіцкага. Гэта святы вялікапакутнік і лекар Панцеляймон. Ён шануецца выратавальнікам ад усялякіх хвароб. Святы, які пры жыцці быў лекарам і цудоўна лячыў людзей малітваю да Хрыста, і зараз дапамагае тым, хто малітоўна звяртаецца да яго. У суботу, 9 жніўня, праваслаўная царква ўрачыста ўшанавала яго памяць. Людна было ў гэты дзень і ў Свята-Панцеляймонаўскім жаночым манастыры, дзе сабраліся шматлікія вернікі з Браслава і госці нашага горада, каб адзначыць прастольнае свята. Манастыр у Браславе прысвечаны Панцеляймону Лекару, і там маецца асобая святыня—ікона святога вялікамучаніка з часцінкай яго святых мошчаў.
Святочны дзень пачаўся з вадасвятнага малебна з чытаннем акафіста (хвалебнага песнапення). Затым у храме была здзейснена Божая літургія, якую ўзначаліў Высокапраасвяшчэннейшы Феадосій, архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі, у саслужэнні протаірэя Анатолія (Іванова), іерэяў Ігара (Чачуковіча) і Яўгенія (Бугаёва). Па заканчэнні літургіі адбыўся хрэсны ход вакол манастыра (гл. фота). Архіепіскап Феадосій звярнуўся да браслаўскіх вернікаў з прамовай і ўзгадаў пра самыя галоўныя паняцці ў жыцці чалавека—веру ў Бога і вернасць Яму, без якіх немагчыма годнае існаванне не толькі асобных людзей, але нават і цэлых дзяржаў, што неаднаразова пацверджана гісторыяй. Прыкладам чалавека, які нясе гэтыя паняцці праз жыццё, Высокапраасвяшчэннейшы назваў настаяцельніцу Свята-Панцеляймонаўскага жаночага манастыра і паведаміў прыемную вестку: за шматгадовае руплівае служэнне Свяцейшы патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі Кірыл уганараваў матушку Ніку санам ігуменні з правам нашэння посаха, які і быў ўрачыста перададзены настаяцельніцы.
Удзельнікі святочных мерапрыемстваў узнеслі шчырую малітву, каб святы Панцеляймон спрыяў людзям, дапамагаў трываць хваробы, даваў надзею на выздараўленне духоўнае і цялеснае і пакрываў наш горад сваёй благадаццю. Узрушаныя, з прасветленымі тварамі, выходзілі прысутныя з храма.
Шчыра віншуем вернікаў з прастольным святам манастыра—днём памяці вялікапакутніка і лекара Панцеляймона.

Жанна Бялько.