Памочнік і сябра

Главное

IMG_3075 (Small)З незапамятных часоў конь быў для чалавека незаменным памочнікам і сябрам. Дзякуючы сваёй грацыі і прыгажосці, а таксама вернай службе гаспадару, яны трывала ўвайшлі ў шматлікія легенды і міфы. Думаю, не знойдзецца чалавека, якому б не падабаліся гэтыя велічныя жывёлы.
Менавіта моцная любоў да коней звязала разам Аляксандра і Дзіяну Зуевых, а потым падштурхнула пераехаць у наш край. Жыхары Віцебска, яны без шкадавання памянялі гарадскія зручныя выгоды на сельскае жыццё, каб даць магчымасць сваім гадаванцам свабодна гуляць на волі. Іх у маладой сям’і пяцёра — чатыры дарослыя кані і маленькае жарабя.
Аляксандр па спецыяльнасці настаўнік замежнай мовы. Дзіяна ў гэтым годзе скончыла Лужаснянскі аграрны каледж і атрымала спецыяльнасць ветэрынара. Абодва ў свой час наведвалі коннаспартыўны клуб. Дзіяна некалькі разоў удзельнічала ў рэспубліканскіх конных спаборніцтвах. У 16 гадоў бацькі падарылі дачцэ каня. Зараз ён сапраўдны верны сябар. І варта Дзіяне толькі свіснуць, і Малыш, як у казцы пра Сіўку-Бурку, бяжыць да сваёй гаспадыні.
— Каб паміж чалавекам і канём, — дзеліцца сакрэтам Д.Зуева, — завязалася трывалая сувязь і сяброўства, трэба доўга і старанна яго даглядаць, вывучаць звычкі, характар і ў той жа час не баяцца яго і заставіць паважаць сябе.
Кожны дзень чатыры гады Аляксандр наведваў конны клуб, дзе спачатку толькі чысціў і даглядаў коней. Моцна прыкіпеў да іх душой і прыйшоў да высновы, што трэба набыць ўласнага. Так, у 2010 годзе ў яго з’явіўся жарабец па мянушцы Тэхас.
Па волі лёсу маладыя людзі трымалі сваіх гадаванцаў на тэрыторыі Лужаснянскага каледжа, дзе і пазнаёміліся. Любоў да жывёл, аднолькавыя погляды і мары зблізілі Дзіяну і Аляксандра. І ўжо ў 2013 годзе яны разам набылі яшчэ двух коней.
Праз інтэрнэт знайшлі закінуты прыватны дом у прыгарадзе Віцебска, у якім добразычлівая гаспадыня дазволіла трымаць невялікі табун. Там сёлета ў лютым нарадзіўся жарэбчык. Як малое дзіця, песцілі і выходжвалі яны свайго першанца.
Любой сям’і найперш, безумоўна, патрэбен дах над галавой, а з улікам невялікага табуна яшчэ і ўладкаванае стойла, прыволле. Дзякуючы “сусветнай павуціне”, сям’я Зуевых месяц таму назад набыла невялікі домік у Лапянах. З набыццём даволі старой нерухомасці ў яго новых уласнікаў нямала праблем. Але ў першую чаргу, як адзначыў Аляксандр, яны думаюць пра ўладкаванасць сваіх гадаванцаў.
Акрамя пецярых коней сям’я прывезла з сабой двух сабак, казу, куранят і індычат. Майму здзіўленню не было межаў. Калі выбар Дзіяны, якая кожныя канікулы праводзіла ў вёсцы і свядома абрала прафесію ветэрынара, пераехаць у вёску і абзавесціся гаспадаркай, яшчэ зразумела, то як Аляксандр, які пасля заканчэння ўніверсітэта жыў тры гады ў Маскве, у якасці перакладчыка наведаў каля 16 краін свету, сярод якіх ЗША, Малазія, Філіпіны, Інданезія, Кітай, ды, як сам прызнаўся, свойскіх жывёл бачыў толькі на малюнках, рашыўся змяніць камфорт на домік у вёсцы!
— Жыццё ў горадзе, — тлумачыць сваё рашэнне А. Зуеў, — дзе заторы, таўкатня, смог, не для мяне. Я па натуры вясковы жыхар.
З вялікім задавальненнем і пяшчотай маладыя каняводы расказвалі пра сваіх гадаванцаў, пра іх нораў, звычкі, характар. А мяккі цёплы плюш і велічная моц статнай жывёлы маніла памчацца вярхом у невядомыя далі. “Какая бы горесть ни лежала на сердце, какое бы беспокойство ни томило мысль, всё в минуту рассеется; на душе станет легко, усталость тела победит тревогу ума”, — так перадаў прыгажосць і жыватворную моц верхавой язды М. Ю. Лермантаў.
Рэдкі чалавек, які аднойчы спазнаў атмасферу канюшні, не імкнецца вярнуцца да коней, і практычна кожнае дзіця хоць раз ды і папросіць бацькоў даць пакатацца на коніку. А прыемныя і добразычлівыя Аляксандр і Дзіяна, кажуць што заўсёды з радасцю прымуць у сябе юных аматараў верхавой язды і дапамогуць устанавіць даверлівыя і партнёрскія зносіны з прыгожымі разумнымі жывёламі.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
Аляксандр і Дзіяна Зуевы з жарабцом Тэхасам.