Стваральнікі камфорту і дабрабыту

Главное

IMG_4459 (Small)Кожны працоўны калектыў стараецца сустрэць сваё прафесіянальнае свята добрымі справамі і ініцыятывамі. Работнікі ПМК-42, адной са старэйшых у раёне будаўнічых арганізацый,  не выключэнне. Тут многія працуюць з душой. А там, дзе ёсць жаданне і ўменне, ёсць і перспектыўныя зрухі.

Цяпер будаўнікі шчыруюць на ўзвядзенні 60-кватэрнага жылога дома на долевым удзеле, ЖБСК-10, у якасці  субпадрадчыкаў. Не так даўно былі заняты на рамонце будынка ЦДМ, узводзілі дом для шматдзетнай сям’і ў Шавурах, будавалі трансфарматарную падстанцыю ў Княжына. Словам, без работы не застаецца ніхто.

Усяго ў арганізацыі працуюць каля 70 чалавек, але ПМК-42 перажывае цяпер не самыя лепшыя часы. Некалі перасоўная механізаваная калона была асноўным забудоўшчыкам у раёне. Але так сталася, што страціла свае вядучыя пазіцыі.

Цяпер пакрысе купляюць новую тэхніку, шукаюць новыя аб’екты.

І хоць не змаглі выканаць даведзенае заданне асвоіць на ўсіх аб’ектах будоўлі 7 млрд. руб., усё ж без справы не сядзяць, бо разумеюць, што пад ляжачы камень вада не цячэ.

Некаторыя спецыялісты пасля пагоні за доўгім рублём пачалі вяртацца назад на работу ў ПМК, прыязджаюць выпускнікі з Полацкага будаўнічага каледжа, але па-ранейшаму не хапае муляраў, бетоншчыкаў,  цесляроў, вадзіцеляў.

Каб замацаваць кадры, за маладымі спецыялістамі замацоўваюць брыгадзіра і старэйшых таварышаў, якія імкнуцца раскрыць нюансы прафесіі, усім іншагароднім на час работы выдзяляецца жыллё ў інтэрнаце.

Напярэдадні прафесіянальнага свята многія з лепшых работнікаў атрымалі граматы, удзячнасці, грашовыя прэміі. Гэта таксама добры маральны стымул. Ганаровай граматай райвыканкама ўзнагароджаны электраманцёр Міхаіл Кашкур, удзячнасцю – галоўны бухгалтар Ірына Жураўская. Граматы  Полацксельбуда атрымалі машыніст аўтакрана Мікалай Назараў, бетоншчык Мікалай Жыгадла, удзячнасці – бетоншчык Яўген Стральцоў і вадзіцель Генрых Ермалёнак.

Фотаздымкі, імя і прозвішчы лепшых будуць змешчаны на Дошку гонару арганізацыі.

Хочацца пажадаць усяму калектыву ПМК-42 пабольш новых аб’ектаў, добрых заробкаў, моцнага здароўя, дабрабыту, ладу ў сем’ях.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.