Школьны лагер — на карысць

Новости

IMG_4437 (Small)Дагараюць апошнія дзянькі лета — час, калі яшчэ не трэба вучыць урокі, а магчыма цэлы дзень займацца любімымі справамі. Тыя ж дзеці, якія жадаюць навучыцца чамусьці карыснаму і цікаваму, адпраўляюцца ў школьныя лагеры. З іх ліку і вучні Відзаўскай школы. Кожны год для школьнікаў установа ладзіць лагеры рознай накіраванасці, і дзеці з задавальненнем у іх прыходзяць.
— На летні час у нас распрацавана праграма па занятасці і аздараўленні дзяцей. Згодна з ёй мы і працуем, — расказала падчас сустрэчы намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Ганна Баліка. — У чэрвені ў нас працавалі аздараўленчы і лагер працы і адпачынку, ліпень запомніцца наведвальнікам ваенна-патрыятычнага лагера, а ў жніўні ветліва сустрэнуць школьнікаў два 9-дзённыя лагеры. Такім чынам, за лета адпачнуць і аздаравяцца каля 110 дзяцей. А яшчэ кожны клас адпраўляецца ў турысцкі паход. Увогуле ж хачу зазначыць, што дзеці ахвотна згаджаюцца ісці ў лагер, бо ведаюць, што спазнаюць новае, добра адпачнуць і навучацца быць самастойнымі. А ў бацькоў не будзе балець галава, чым займаецца іх дзіця, пакуль тыя на працы. Пры гэтым абавязкова адпачываюць у лагерах школьнікі са шматдзетных, малазабяспечаных, нядобранадзейных сем’яў.
Літаральна некалькі дзён таму назад зачыніўся турысцка-краязнаўчы лагер “Рукзачок — 2014”, што дзейнічаў на базе былой Купішскай школы, якая зараз належыць Відзаўскай. Усяго ён прыняў 20 дзяцей 5-7 класаў. У дні працы лагера сюды завітала і я, паглядзела, як адпачываюць школьнікі, і пацікавілася, ці спадабаецца ім тут. Ні аднаго адмоўнага адказу не пачула, толькі задаволенае “так”.
Дзевяць дзён жыцця ў лагеры праляцелі імгненна, былі насычаны цікавымі, захапляльнымі мерапрыемствамі і падзеямі. Кожны дзень меў сваю назву і тэматыку, а для школьнікаў была арганізавана забаўляльная праграма. Так, у Дзень таямніц і загадак вучні паўдзельнічалі ў конкурсе тырысцкіх навыкаў, майстар-класе, пошукавай экспедыцыі, а вечарам сабраліся разам каля вогнішча, дзе падзяліліся ўбачаным за дзень. Таксама яны наладзілі “Вечар акцёрскага майстэрства” і прадэманстравалі, хто на што здольны. Дзень вандровак запомніўся школьнікам экскурсіямі па г.Браславе і на гару Маяк, а дзень творчасці і фантазій — гульнёй “Горад майстроў”, віктарынай, вандроўкай у в. Хвасты і кірмашом цікавых паведамленняў.
Самым жа захапляльным і незвычайным стаў Дзень індзейцаў. Дзеці на дзень ператварыліся ў прадстаўнікоў гэтага народа і паўдзельнічалі ў гульні “Ідзём па следзе”, інтэлектуальным пяцібор’і, конкурсе “Пошук скарбу”. А прывабныя мясціны, у якіх размешчаны будынак былой школы, і добрае надвор’е яшчэ больш узнімалі настрой дзяцей.
Увогуле ж за час адпачынку ў лагеры школьнікі вандравалі па навакольных мясцінах, збіралі матэрыял пра мясцовыя легенды, звычаі і культуру, удзельнічалі ў конкурсах, майстар-класах, віктарынах, спартыўных мерапрыемствах і гульнявых праграмах. А дапамагалі ім цікава і весела адпачываць вопытныя педагогі Лілія Сайкоўская, Вольга Паўлава і Валянціна Ніціеўская.
За гэтыя дзевяць дзён вучні творча развіліся, адпачылі, шмат даведаліся новага пра родны край і, безумоўна, аздаравіліся перад новым навучальным годам, які пачнуць з новымі сіламі. Пакідалі лагер, дзе было так цікава, яны неахвотна.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.