Іх рукамі ствараецца камфорт

Главное

IMG_2829 (Small)Ва ўсе часы прафесія будаўніка карыстаецца пашанай. Будаўнікі ствараюць тое, без чаго немагчыма існаванне чалавека — ўмовы для камфортнага і добраўпарадкаванага жыцця.

Дарога Ігара Угрыноўскага ў будаўнічую галіну не была прамой. Сам ён кажа, што гэта хутчэй выпадковасць, прафесія сама яго знайшла. Нарадзіўся будучы будаўнік ва Украіне. У Івана-Франкоўсу скончыў чыгуначнае вучылішча. Але адсутнасць добрай работы заставіла выправіцца на заробкі. Так па волі лёсу Ігар разам з сябрамі апынуўся на будоўлі прыватных дамоў у нашым раёне. У прыгожым браслаўскім краі сустрэў сваё каханне і застаўся тут назаўсёды. Пра што, як сам падкрэсліў, ніколі не пашкадаваў.

Так ў жыцці І. Угрыноўскага пачаўся новы этап, які цягнецца 26 гадоў – менавіта столькі ён працуе ў будаўнічай галіне. Першапачаткова ўладкаваўся юнак на працу ў тады буйную і трывалую арганізацыю МПМК-19. Трапіў у добрую брыгаду, дзе з цягам часу працавіты і старанны І. Угрыноўскі авалодаў спецыяльнасцямі муляра, бетоншчыка, цесляра, плітачніка. І сёння ён сапраўдны майстар сваёй справы.

— Лічу, што кожны нармальны мужчына, — кажа Ігар Сцяпанавіч, — можа авалодаць навыкамі гэтых прафесій. Было б толькі жаданне.

Цяжка пералічыць, колькі дамоў, у якія потым засяляліся шчаслівыя сем’і, дзе раслі і сталелі дзеці, пабудаваў разам са сваімі сябрамі І. Угрыноўскі. Будынкі мытні, суда, частка гаргазу таксама ўзведзены будаўнічай брыгадай, дзе шчыраваў мой суразмоўца.

Будаўнік — прафесія стваральная, і тварэнні рук будаўнікоў непадуладны часу. Нездарма сярод людзей гэтай прафесіі папулярны жарт: Бог стварыў зямлю, а ўсё астатняе —  будаўнікі. І назіраючы за тым, як узлятаюць у нябёсы прыгожыя дамы, незвычайнай канструкцыі будынкі, можна смела казаць, што гэта так.

Сёння Ігар Угрыноўскі працуе ў прыватным унітарным вытворчым прадпрыемстве “Віталіч-буд” і ўзначальвае брыгаду будаўнікоў.

— Усе хлопцы, — характарызуе сваіх падначаленых брыгадзір, — выдатныя спецыялісты, умеюць рабіць усё  – ад фундамента да даху.

Несумненна, сучасныя будаўнічыя матэрыялы, інструменты і тэхналогіі значна спрашчаюць працу, але і патрабаванні да канчатковага выніку таксама ўзраслі.

Гледзячы на прыгожыя базы адпачынку, пабудаваныя гэтай брыгадай, фігурныя дахі, пакрытыя “пад даўніну”, цікавы дэкор, разумееш, што ўсё гэта тварэнне рук сапраўдных прафесіяналаў. Прычым гэтая прыгажосць ствараецца пад адкрытым  небам і ў спёку, і ў холад. А для гэтага патрэбна выдатная фізічная загартоўка, добрае здароўе і вынослівасць.

Ёсць у будаўнікоў і свае прыкметы. Так, у падмурак дома трэба пакласці манету на шчасце і для багацця ў хаце, па заканчэнні працы на даху прымацаваць вянок, перад складанай работай перахрысціцца.

Так, спалучаючы народныя традыцыі, свае навыкі і ўменні Ігар Угрыноўскі заўсёды з’яўляецца прыкладам для іншых — дысцыплінаваным, добрасумленным, адказным, што і адзначыў яго сённяшні работадавец Віталь Гаспаровіч.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.

І. Угрыноўскі за працай.