Знайшлі магілу дзеда

Главное

IMG_4400 (Small)Вялікая Айчынная вайна, падзеі якой усё далей адыходзяць у гісторыю, зламала тысячы лёсаў беларусаў, рускіх, казахаў і прадстаўнікоў іншых народаў. Многія так і не дачакаліся з фронту сваіх бацькоў, сыноў, дзядуляў і нават зараз не ведаюць, дзе пахаваны іх родныя. Вайна разбурыла і мірнае жыццё сям’і Мухтарбаевых з г. Актобэ (Акцюбінск), што ў Казахстане. Галава сям’і Жусуп трапіў на фронт у першыя дні вайны, на жаль, дадому ён больш не вярнуўся. І толькі сёлета яго ўнук Алмат і праўнук Даір змаглі наведаць пахаванне дзеда ў Браслаўскім раёне.
Абяцанне знайсці магілу дзеда Алмат Мухтарбаеў даў свайму бацьку Темірхану. Той быў яшчэ зусім маленькім, калі тату забралі на вайну. Спачатку маці прыходзілі рэдкія пісьмы з фронту, а потым сувязь абарвалася, як аказалася, назаўсёды. Больш Темірхан не бачыў свайго тату, а хутка памерла і маці, і ў 11 гадоў хлопчык застаўся зусім адзін. Усё жыццё мужчына марыў знайсці хоць якія звесткі пра бацьку, месца яго пахавання, але кожная спроба была безвыніковай. Калі падраслі дзеці Темірхана, ён расказаў ім пра трагічны лёс дзядулі. І яны ўжо разам з новай сілай узяліся за пошукі месца пахавання.
¬¬— Пра свайго дзеда Жусупа я ведаў зусім мала, — расказаў Алмат Мухтарбаеў. — Дакладна вядома, што нарадзіўся ён у 1904 годзе ў Маркуцкім раёне Акцюбінскай вобласці. Скончыў духоўную семінарыю, працаваў у райкаме партыі г. Акцюбінска. У 1941 г. адправіўся на фронт, а дома засталіся жонка і сын. Яму было 37 гадоў. Пра дакладнае месца захавання ў сям’і не ведалі, казалі, што магчыма гэта было дзесьці ў Беларусі. Адсюль мы і пачалі пошукі.
Алмат даваў запыты ў розныя інстанцыі, але прыходзілі адказы пра тое, што такога прозвішча ў спісах няма. Калі некалькі гадоў таму назад станоўчы адказ са звесткамі пра лёс салдата і фатаграфіяй месца пахавання прыйшоў з Браслаўскага ваенкамата, сям’я Мухтарбаевых нарэшце супакоілася і стала збірацца ў шлях.
На мінулым тыдні ўнук салдата Алмат і праўнук Даір завіталі ў наш раён і змаглі наведаць брацкую магілу ў в. Зарачча, дзе і пахаваны іх родны чалавек.
— Калі мы атрымалі станоўчы адказ з ваенкамата, у нас быццам камень з душы зваліўся, — дзеліцца Алмат. — Мой тата Темірхан, сын Жусупа, яшчэ застаў гэтую прыемную навіну, доўга плакаў ад шчасця, марыў пабываць на магіле, але не паспеў. Мы вельмі шануем сваіх продкаў, таму выканаць яго волю прыехалі мы. Ад усёй нашай вялікай сям’і мы хацелі б выказаць словы ўдзячнасці тым, хто дапамог у пошуках, кіраўніцтву раёна, якія ветліва сустрэлі нас і паказалі месца пахавання. А яшчэ вельмі ўразіла тое, як беларусы шануюць памяць пра загінуўшых воінаў, насколькі дагледжаны помнікі загінуўшым, як вы дапамагаеце ў пошуку родным салдат.
Па традыцыі свайго народа Алмат і Даір памаліліся на месцы захавання дзеда, пакланіліся продку, а бібліятэкар Зарацкай бібліятэкі расказала ім пра падзеі, якія адбываліся ў гады вайны ў гэтых мясцінах, лёс іх роднага чалавека. Лейтэнант Жусуп Мухтарбаеў загінуў у баі каля в. Зарачча 4 ліпеня 1944 года. Ён не дажыў да перамогі толькі год.
У вачах гэтых ужо дарослых мужчын з’яўляліся слёзы смутку і радасці. Яны хоць і праз 70 гадоў, але змаглі даведацца пра лёс дзядулі. А колькі яшчэ тых, хто і сёння не ведае, дзе пахаваны іх родныя.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.