Залатая рыбка

Главное

IMG_4323 (Small)Пад такой назвай арганізаваў спаборніцтвы па рыбалоўстве для адпачываючых на аграэкасядзібах “У Барысавіча” і “Вусце-лайф” Юрый Жэрко. Па рыбацкае шчасце мужчыны выправіліся на лодках на возера Недрава каля пяці гадзін раніцы. Праўда, у той дзень удача ўсміхнулася аднаму з членаў сям’і Рамашовых, што з Масквы. Міхаіл і Людміла прыязджаюць у Вусце з дзецьмі і ўнукамі ўжо трэці год запар. Вельмі задаволены арганізацыяй адпачынку на сядзібах, умовамі для пражывання. Падабаюцца ўсім і тыя мерапрыемствы, якія ладзяць для іх гаспадары, у тым ліку і рыбалкай.
Толькі сёлета ўжо другі раз завіталі на сядзібу масквічы Валянціна і Уладзімір Зубілавы, а ўвогуле ў Вусці яны трэці раз. Праўда, пабачылі ўжо шмат чаго ў Беларусі. Сюды, прызнаваліся, едуць за цішынёй, атрымліваюць асалоду ад прыроды, чысціні азёр, свежага паветра. Уладзімір амаль 40 гадоў працаваў начальнікам канструктарскага бюро вядучага абароннага прадпрыемства Расіі “Звязда”. Яны рыхтавалі амуніцыю для адпраўкі касманаўтаў. Ён расказваў шмат цікавых гісторый са сваёй працоўнай біяграфіі. Апошнім месцам работы перад выхадам на заслужаны адпачынак стала фірма “Рацібор”, якая займалася сродкамі аховы, выжывання лётнага складу авіяцыі.
Уладзімір захапляецца рыбалкай. Нярэдка разам з ім выязджае на возера і жонка Валянціна.
У мінулы аўторак мяне запрасілі на падвядзенне вынікаў спаборніцтваў “Залатая рыбка”. Юрый Жэрко ўручыў пераможцу і ўдзельнікам брэндавыя статуэткі з выявай рыбкі, удзячнасці і пахвальныя лісты. А затым маскоўскія госці паспыталі духмянай юшкі, прыгатаванай самім гаспадаром, вэнджаных судакоў ды лінёў, запечанай рыбы. Словам, як некалі ў савецкія часы рыбным днём лічыўся чацвер, то на аграсядзібах у Вусці такім атрымаўся аўторак.
Прыемна было, што адпачываючыя з задавальненнем разам з браслаўскімі артыстамі спявалі вядомыя савецкія песні, слухалі нашы беларускія.
Словам, свята прайшло ў шчырай атмасферы. Атрымаўся такі дамашні сяброўскі вечар.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.IMG_4329 (Small)