Велапрабег прайшоў і па Браслаўшчыне

Главное

OLYMPUS DIGITAL CAMERAІніцыятыўных людзей, якія рэалізуюць свае ідэі, шмат. Асабліва прыемна, калі гэтыя ідэі добрыя і карысныя для астатніх.
На мінулым тыдні транзітам праз наш раён і горад праехала група веласіпедыстаў-актывістаў цвярозага і здаровага ладу жыцця. Усе гэтыя людзі — удзельнікі 21 рэспубліканскага агітацыйнага велапрабегу “Цвярозасць, здароўе — кожнаму жыхару Беларусі”, арганізаванага Беларускім грамадскім аб’яднаннем “Цвярозасць — Аптымаліст” імя Г. Шычко. Мэта такога велапрабегу — прапаганда здаровага і цвярозага ладу жыцця, выхаванне патрыятызму, развіццё фізічнай культуры, спорту і турызму.
Велапрабег праходзіў праз Глыбокае, Мосар, Шаркаўшчыну і іншыя гарады. Браслаў таксама быў уключаны ў маршрут веласіпедыстаў, і яны з задавальненнем сустрэліся з супрацоўнікамі РЦГіЭ. Удзельнікі сустрэчы паразмаўлялі пра здаровы лад жыцця і шляхі яго дасягнення, абмяняліся меркаваннямі пра праблемы барацьбы з алкагалізмам. Гасцям расказалі пра работу, якая праводзіцца ў раёне па фарміраванні здаровага ладу жыцця сярод жыхароў нашага раёна. Цікава і жыва выступіў Валянцін Талкачоў, кіраўнік велапрабегу, старшыня БГА “Цвярозасць — Аптымаліст” імя Г. Шычко, акадэмік Міжнароднай акадэміі Цвярозасці, эксперт ААН па праблемах наркаманіі і цвярозасці, член рабочай групы па распрацоўцы Комплекснай праграмы барацьбы супраць тытунекурэння на 2011-2015 гады Міністэрства аховы здароўя, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён прадставіў сваіх калег публіцы і расказаў пра ўласны жыццёвы вопыт. З 1979 года мужчына даў слова жыць цвяроза і без тытуню, і з тых часоў гэта слова трымае. Акрамя таго, узначаліўшы грамадскае аб’яднанне “Цвярозасць — Аптымаліст”, ужо на працягу 25 гадоў імкнецца зрабіць Беларусь цвярозай. Як сапраўдны патрыёт, ён выступае за здароўе будучых пакаленняў і таму ахвотна дзеліцца сваімі разважаннямі з гэтай нагоды, дае парады моладзі.
А на памяць пра сустрэчу веласіпедысты атрымалі буклеты з інфармацыяй пра нашу Браслаўшчыну, НП “Браслаўскія азёры”. Яны ж падзяліліся інфармацыяй пра сваю арганізацыю і дзенасць. Затым удзельнікі велапрабегу адправіліся далей па маршруце. Наперадзе іх чакалі Паставы і іншыя гарады.

Аляксандр Бабенка,
в.а галоўнага ўрача ДУ Браслаўскі РЦГіЭ.