Шчаслівае жыццё пад адным дахам

Новости

шидловскиеДля кожнай моцнай і дружнай сям’і дзеці – сапраўдны падарунак лёсу. Бацькі радуюцца першаму кроку, першаму сказанаму слову, з радасцю праводзяць у першы клас, а затым чакаюць выпускнога і выбару сынам ці дачкой прафесіі. Браслаўчане Альберт і Галіна Шыдлоўскія такое шчасце перажылі тройчы, бо маюць трох цудоўных дачок. Старэйшая Алеся — ужо трэццякурсніца БДУ, вучыцца на лагіста. Сярэдняя Надзея сёлета закончыла Урбанскую школу і паступіла на бюджэтнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Выбрала для сябе прафесію стаматолага. Малодшая Арына пойдзе ў чацвёрты клас. Марыць стаць сцюардэсай. Праўда, родныя пацяшаюцца, што гэта яе дзіцячыя мары. Але хто ведае, як складзецца лёс.
Бацькі па-сапраўднаму ганарацца сваімі дачушкамі. Яны выраслі разумнымі, шчырымі, спагадлівымі, да таго ж усе схільныя да вучобы. Надзея, напрыклад, закончыла школу з сярэднім балам атэстата 9,9. Пры прахадным бале на стаматалагічнае аддзяленне 360 набрала 364. Яна прызёр шматлікіх раённых прадметных алімпіяд. У мінулым навучальным годзе яе работа на навуковай канферэнцыі па выбары прафесіі была прызнана адной з лепшых у вобласці.
З Галінай, Надзеяй і Арынай я пазнаёмілася ў час велікодных сустрэч у раённым Доме культуры. Маці з дочкамі спявалі вельмі пранікнёную песню. Ды як спявалі! Сарвалі шквал апладысментаў гледачоў. А днямі пры чарговай сустрэчы пацікавілася, адкуль у іх такая любоў да песні. На што Шыдлоўскія адказалі: “У сям’і тата, мама і старэйшыя дзеці закончылі музычную школу. Кожны ўмее іграць на інструментах і добра спявае. Вакалу вучыліся ў метадыста ЦДМ Аляксандры Раманскай. Надзея ў свой час нават падумвала звязаць свой будучы лёс са сцэнай. Але Аляксандра і бацькі ўсё ж пераканалі яе, што спяваць можна, маючы і іншую прафесію. Яна прыслухалася да меркавання дарослых.
Сям’я сем гадоў таму назад пабудавала дыхтоўны ўласны дом. І Альберт сам зрабіў там унутраную аддзелку.
— Ён увогуле ў нас з залатымі рукамі. Спраўна працуе з дрэвам. Наш двор упрыгожвае альтанка, над над якой таксама шчыраваў галава сям’і. Нямала на тэрыторыі і арыгінальных дэкаратыўных работ з розных матэрыялаў, ідэя якіх і канструкцыя належыць таксама Альберту, — расказвала Галіна.
А вось тое, што ўвесь двор і пакоі патанаюць у кветках, заслуга самой Галіны. Для яе кветкі – гэта аддушына, без якой не ўяўляе свайго жыцця.
— Лічу, што ў кожнай жанчыны павінна быць сваё захапленне. Кветкі мяне заварожваюць, бачу, што і дзяўчынкам падабаецца. А яшчэ я вельмі люблю працаваць у садзе. Гэта таксама маё хобі, — гаворыць гаспадыня.
На чым трымаецца ваша вялікая сям’я, пытаюся.
– На ўзаемаразуменні і даверы. У нас няма сакрэтаў. Усе праблемы па меры іх паступлення вырашаем разам. У нас спакойныя, зусім не ўзрыўныя характары. Хоць у кожнага свой. Мы мірна ўжываемся пад адным дахам і шчаслівыя гэтым.

Зінаіда Палулех.
Фота з сямейнага архіва Шыдлоўскіх.