Кожны дзень ствараюць свята

Главное

IMG_2612 (Small)Перад супрацоўнікамі сельскіх устаноў культуры стаіць даволі складаная задача — рабіць працоўныя будні вясковых жыхароў весялей, ярчэй і цікавей. Зусім невялікім калектывам яны стараюцца арганізаваць незвычайныя мерапрыемствы, праводзяць вечары адпачынку, дні вёсак, дыскатэкі для моладзі.
Амаль 30 гадоў дырэктар Слабодкаўскага этнаграфічнага цэнтра Вольга Садоўская ўзначальвае гэту скарбніцу народнага таленту і разам са сваімі памочнікамі знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых метадаў работы з насельніцтвам. Па размеркаванні яна трапіла ў тады яшчэ сельскі Дом культуры і не здрадзіла свайму месцу працы і абранай прафесіі. Пра што, як сама прызналася, ні разу не пашкадавала.
Не сакрэт, што колькасць моладзі на сяле скарачаецца з кожным годам, а зацікавіць тых, хто застаўся жыць на роднай зямлі, даволі складана. Таму, каб іх прывабіць да культурнага асяроддзя, паміж цэнтрам і мясцовымі ўстановамі адукацыі, а таксама бібліятэкай наладжаны цесныя сувязі. На яго базе дзейнічае пяць дзіцячых гурткоў, што дазваляе маладым талентам праяўляць свае разнастайныя здольнасці. Спевы, мастацкае чытанне, дэкаратыўна-прыкладныя гурткі — толькі было б жаданне, а прымяненне сваім інтарэсам і магчымасцям знайсці можна заўсёды.
Ды і многія дарослыя жыхары навакольных вёсак пасля працоўнага дня з задавальненнем наведваюць установу культуры, дзе гучыць вясёлая музыка, душэўныя спевы і можна акунуцца ў радасную і пазітыўную атмасферу.
Так, шмат гадоў удзельнікі аматарскага клуба “Спадчына” пад кіраўніцтвам таленавітай Святланы Ваўчок рыхтуюць і прапагандуюць беларускія народныя святы, стравы нацыянальнай кухні. Кожная такая сустрэча для іх — асаблівая аддушына ў нашым мітуслівым свеце, дзе яны дзеляцца сваімі навінамі, смачнымі рэцэптамі і разнастайнымі парадамі.
А прыгожыя галасы і цікавы рэпертуар членаў мужчынскай вакальнай групы “Чарадзей” і ансамбля народнай песні “Карагод” радуюць слухачоў не толькі на мясцовых канцэртах. Спевы гэтых аматараў музыкі заўсёды ствараюць радасны настрой на любым раённым мерапрыемстве і ў нашых суседзяў.
Несумненна, культура — асаблівая галіна сацыяльнай сферы, і прымусам тут нічога не зробіш. Ды адным і тым жа мерапрыемствам на працягу доўгага часу работнікі культуры не толькі не прывабяць, а, наадварот, адпудзяць ад установы людзей. Таму ў калектыве Слабодкаўскага этнаграфічнага цэнтра — творчыя натуры, улюбёныя ў сваю працу, не паўтараюцца і кожны раз выкарыстоўваюць новыя сцэнарыі, распрацоўкі, цікавыя тэмы. Абавязкова выязджаюць з канцэртамі на палі, жывёлагадоўчыя фермы, стараюцца, каб іх музычныя падарункі прыйшліся слухачам па душы і сталі свайго роду маральным стымулам для чалавека працы.
За падрыхтоўкай кожнага свята, вечара, мерапрыемства стаіць трывалая карпатлівая работа, і не толькі дырэктара ўстановы і яго супрацоўнікаў. Таму з вялікай удзячнасцю Вольга Садоўская адзначыла сваіх надзейных бездакорных памочнікаў Марыю Каўтур, Іосіфа Садоўскага, Марыю Васілеўскую, Тэрэзу Стэльмачонак, Святлану Ваўчок, Валерыя Ракіцкага, Зою Гідзюк і іншых.
А дзякуючы турыстычнай накіраванасці нашага раёна, у супрацоўнікаў культурнай сферы з’явілася яшчэ адна прывабная крыніца даходу — забаўляльныя канцэрты-конкурсы для адпачываючых на аграсядзібах. І трэба адзначыць, што такія мерапрыемствы даволі запатрабаваныя.
Напэўна, у любой рабоце ёсць свае нюансы і складанасці. Ёсць яны і ў слабодкаўскіх культработнікаў.
— Вельмі хочацца набыць больш прыгожых сцэнічных касцюмаў, — дзеліцца сваімі марамі дырэктар установы, — сучасную музычную апаратуру, але грошай пакуль на абноўкі няма.
Тым не менш уладары радаснага настрою надта не засмучаюцца і кожны будні дзень намагаюцца стварыць святочным і запамінальным.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
В. Садоўская на рэпетыцыі з удзельніцай дзіцячага гуртка “Зорачка” А. Болундзь.