І спрыт паказалі, і адпачылі прыемна

Главное

IMG_2800 (Small)Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства — адно з самых старэйшых у Беларусі, першая дружына якога была створана ў Віцебску ў 1872 годзе. Потым арганізацыі пачалі ўзнікаць у розных буйных гарадах краіны. Але ўсе гэтыя фарміраванні дзейнічалі дастаткова раз’яднана. Пакуль на 1-ай Усебеларускай канферэнцыі камунальных работнікаў у верасні 1924 гада было прынята рашэнне пра стварэнне Усебеларускага добраахвотнага пажарнага таварыства.
На працягу часу структуры таварыства рэарганізоўваліся, асобныя зварочвалі сваю дзейнасць. Але паступова ў пасляваенныя гады добраахвотныя пажарныя арганізацыі сталі адраджацца. У канцы мінулага і пачатку бягучага стагоддзя ў дзейнасці таварыства і яго структур зноў наступіў спад, выкліканы палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі перабудовамі ў краіне.
З мэтай удасканалення дзейнасці БДПТ на падставе ўказа Галавы дзяржавы ў 2006 годзе яно было рэфармавана. З’явіліся новыя структуры, метады работы з грамадзянамі, сучаснае абмундзіраванне. Але асноўныя задачы — папярэджванне і ліквідацыя пажараў і надзвычайных сітуацый у населеных пунктах, на вытворчасці і ў арганізацыях — засталіся ранейшымі.
Штогод дзеля арганізацыі актыўнага адпачынку і абмену вопытам члены БДПТ збіраюцца разам на традыцыйную рэспубліканскую спартакіяду. Другі яе этап прайшоў на мінулым тыдні ў нашым раёне на базе адпачынку “Віталіч-Луг”.
На адкрыцці спартыўнага мерапрыемства старшыня РДГА “БДПТ” Валянцін Карпіцкі пажадаў усім цікавых яскравых спаборніцтваў, перамогі дастойным і вясёлага адпачынку.
Таксама добраахвотных пажарнікаў краіны на браслаўскай зямлі віталі начальнік РАНС Сяргей Сачыўка і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Шукель.
У спартакіядзе былі не толькі спартыўныя віды, але і творчыя конкурсы. Не засталося па-за ўвагай спартыўнае рыбалоўства.
Як паведаміў намеснік старшыні грамадскага таварыства Анатоль Сніцарэнка, на беразе возера Войса памерацца фізічнымі і мастацкімі здольнасцямі сабраліся каля 90 чалавек з усіх абласцей краіны.
Раней такое мерапрыемства праводзілася ў Мінску, але ў мінулым годзе яго арганізатары вырашылі пашырыць геаграфію спартакіяды і ладзіць яе ў розных куточках Беларусі, каб знаёміцца з яе прыгожымі краявідамі.
Першы дзень Браслаўшчына сустрэла ўдзельнікаў мерапрыемства спякотным надвор’ем. Але ўвечары неба зацягнулася хмарамі, і лінуў такі чаканы для мясцовых жыхароў дождж. Тым не менш агульнага радаснага і заўзятага настрою людзям, якія могуць смела глядзець небяспецы ў твар, ён не сапсаваў, і ўсе запланаваныя конкурсы прайшлі ў сяброўскай атмасферы. Да таго ж, як адзначылі ўдзельнікі спартакіяды, цудоўная прырода нашага краю, камфортнае пражыванне на беразе возера дало магчымасць прыемна адпачыць, сустрэцца са сваімі сябрамі. Многія з іх былі ўпершыню на нашай прыгожай зямлі, таму з задавальненнем выказвалі толькі самыя станоўчыя і пазітыўныя водгукі.
Нарэшце спаборніцтвы падышлі да завяршэння, настаў самы інтрыгуючы момант — уручэнне ўзнагарод і крыху сумны — развітанне з калегамі і гасцінным браслаўскім краем.
З прыемнымі ўражаннямі члены добраахвотнага пажарнага таварыства раз’ехаліся ў свае гарады, каб у наступны год зноў сабрацца вялікай дружнай і спартыўнай сям’ёй.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_2787 (Small)