Дабрыні і пяшчоты хапае на ўсіх

Главное

IMG_2777 (Small)Думаю, ніхто не будзе спрачацца з думкай, што шчаслівае дзяцінства — гэта ў першую чаргу сям’я, дзе цябе любяць, абараняюць, разумеюць і клапоцяцца пра цябе. Але, на жаль, не ўсе дзеці жывуць у гэткім трывалым і радасным асяроддзі. І вельмі пашанцавала тым дзецям-сіротам, хто трапіў на выхаванне ў добрую прыёмную сям’ю.
Бясспрэчна, узяць на выхаванне асірацелае дзіця — справа надзвычай важная але ў той жа час цяжкая і адказная. Тым не менш у нашым раёне ёсць людзі, якія свядома ідуць на такі крок. Сярод іх і сям’я Кастэнка з Іказні.
Першае, што кінулася ў вочы, калі пад’ехалі да іх дома, намаляваныя трафарэтам дзіцячыя блакітныя сляды па ўсім падмурку. Такі мілы дэкор адразу выклікаў добрую ўсмешку і адчуванне, што тут жыве дружная вялікая сям’я.
У Ніны Браніславаўны і Віктара Пятровіча трое сваіх дзяцей, тым не менш іх дабрыні і пяшчоты хапае і на абяздоленых. Шэсць гадоў таму назад іх старэйшая дачка Настасся пасябравала ў бальніцы з дзяўчынкай з Друйскага дзіцячага дома. Маці звязалася з адміністрацыяй гэтай установы і атрымала дазвол забіраць Святлану да сябе на выхадныя і канікулы. Потым у гасцінны і ветлівы дом сям’і Кастэнка паступова сталі прыязджаць яшчэ чатыры дзяўчынкі. У свой час ва ўтульнай хаце добразычлівых людзей знайшлі прытулак восем дзетак. Многія выраслі, нехта вучыцца, некаторыя маюць свае сем’і, але і сёння кожны з іх тут жаданы госць.
А два гады таму назад Ніна Браніславаўна аформіла прыёмнае мацярынства і ўзяла на выхаванне Таццяну і Дзіму. Сястра з братам страцілі родную маці, і іх чакаў спачатку сацыяльны прытулак, потым дзіцячы дом.
— Калі ўбачыла сумныя спалоханыя вочы дзяўчынкі, — узгадвае першую сустрэчу Н. Кастэнка, — не задумваючыся, стала афармляць дакументы, каб узяць дзетак да сябе.
Сям’я сапраўды вялікая і дружная, як узгадаў Віктар Пятровіч, аднойчы сабралася ў хаце трынаццаць чалавек. Для ўсіх ёсць месца не толькі пад дахам, а і ў вялікіх сэрцах абодвух бацькоў.
Пра сваіх гадаванцаў Ніна Браніславаўна расказвае з пяшчотай і шчырымі мацярынскімі слязьмі на вачах. Прыёмная маці з лагоднай усмешкай прыгадвае іх свавольствы. Так, падчас рамонту ў хаце хлопец будаўнічым стэплерам прыстрэліў шкарпэткі да падлогі. Не жадаючы вучыцца, Таццяна выкідвала кнігі на вуліцу, ды і шмат яшчэ якіх прыгод здаралася.
— Толькі дабрынёй, спагадай, клопатам і цярпеннем, — дзеліцца сваімі педагагічнымі метадамі Ніна Браніславаўна, — можна дастукацца да пакрыўджаных лёсам дзяцей.
Трэба адзначыць, што ўсе гэтыя якасці ў поўнай меры прысутнічаюць у характарах не толькі прыёмных бацькоў, а і ў іх родных дзецях, бо ніколі паміж імі і выхаванцамі не ўзнікала канфліктаў. У гэтай сям’і не дзеляць дзяцей на “сваіх” і “чужых” — разам прыбіраюцца ў хаце, гатуюць ежу, дапамагаюць адзін аднаму ў вучобе, а бацькам па гаспадарцы. Менавіта тут пакінутыя дзеці вучацца асновам паводзін, законам сям’і, разумеюць, што неабходна працаваць, зарабляць грошы, а не выпрошваць іх, прыкрываючыся сваім сіроцкім статусам, што булкі не растуць на дрэвах, а ежа не з’яўляецца на стале па ўзмаху чароўнай палачкі.
Радасныя вочы дзяўчат і тое, як яны гарнуцца да сваіх новых маці і бацькі, — менавіта так дзеці называюць Ніну Браніславаўну і Віктара Пятровіча — яскрава сведчыць пра цёплыя і даверлівыя адносіны паміж імі.
Людзі па-рознаму ставяцца да тых, хто бярэ дзетак на выхаванне. Нехта лічыць, што з-за матэрыяльнай выгады — гэта ж зарплата і дапамога на дзяцей. Хтосьці ніяк не разумее, як можна прыняць у сям’ю “чужога” і клапаціцца пра яго, нехта “смакуе”, як трацяцца “дзіцячыя” грошы. Аднак хочацца спадзявацца, што ўсё ж больш тых, хто з павагай і разуменнем ацэньвае высакародны ўчынак.
Ні на адну хвіліну, запэўнілі мяне муж і жонка Кастэнка, не пашкадавалі, што ўзялі на выхаванне гаротных малых. Дарослыя шчыра палюбілі прыёмных дзетак і назваць іх чужымі ім і ў галаву не прыходзіць. Яны не перастаюць перажываць, любіць, аберагаць дзяцей і рабіць усё для таго, каб вярнуць ім здольнасць шчыра радавацца жыццю.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
Сям’я Кастэнка з прыёмнымі дзецьмі.