Спорт пад ласкавым сонцам

Главное

IMG_0826 (Small)Як і летась, міжнародны фестываль “Viva Braslav”, які літаральна адгрымеў у мінулую суботу, быў умоўна падзелены на дзве часткі – спартыўную, якая праходзіла на гарадскім пляжы, і музычную на стадыёне. Шчыра кажучы, не памятаю такой вялізнай колькасці людзей у нашым горадзе. Кіламетровая чарга з машын, і сотні адпачываючых вакол. Адзін выпадковы мужчына з Расіі сказаў, што, калі б ведаў, што так блізка знаходзіцца мора (возера Дрывяты), дык ніколі б не паехаў у Крым, а ў наступным годзе прыедзе сюды з сябрамі. Было вельмі прыемна, што арганізатары фестывалю здолелі аб’яднаць адпачынак са спортам.
На пляжы, нягледзячы на спёку, панавала атмасфера доўгачаканага летняга водпуску. Калі памятаеце, чэрвень сёлета быў прахалодны, і таму гэтыя гарачыя дзянькі людзі вырашылі выкарыстаць для ўласнага задавальнення. Возера было літаральна цалкам аблеплена людзьмі, усе загаралі, купаліся, каталіся на водных атракцыёнах, якіх у гэтым годзе стала багата. Гэта і катамараны, байдаркі, чоўны, і пакуль экзатычныя для нашай мясцовасці “банан”, “ватрушка”, “вейкборд”. Хто жадаў паласавацца марожаным ці кіслародным кактэйлем, падыходзіў да гандлёвых палатак, якія размяшчаліся тут жа на пляжы. Аматары летняга “жывапісу” маглі паўдзельнічаць у жартаўлівым майстар-класе па бодзі-арце (размалёўцы цела фарбамі). А хто жадаў паглядзець на ўсё з вышыні птушынага палёту, мог набыць квіток на верталёт, які завітаў да нас з віцебскага аэраклуба.
Паміж усім гэтым была ўрачыста праведзена цырымонія адкрыцця міжнароднага фестывалю “Viva Braslav”. Старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў павіншаваў удзельнікаў спартыўных спаборніцтваў, пажадаў усім перамог і звярнуў увагу на тое, што Браслаўшчына з кожным годам расце ў турыстычным плане, а дзякуючы такім маштабным мерапрыемствам, прываблівае яшчэ больш гасцей горада.
На жаль, сёлета не было парусных гонак і дартса, але відовішчнымі атрымаліся і спаборніцтвы па пляжным футболе, валейболе і байдарачным спорце. Браслаўчане сустрэліся ў сяброўскіх матчах са спартсменамі з Глыбокага, Полацка, Міёраў і латышскага Сілене. Не адну гадзіну адначасова на некалькіх пляцоўках вызначалі, хто стане мацнейшым у названых відах спорту. Па выніках у майстэрстве валодання вёсламі сябе праявілі мінчане Сяргей і Таццяна Пехцяравы. У валейболе не было роўных браслаўскім камандам – сярод мужчын перамаглі Андрэй Марчык і Сяргей Стэльмачонак, а сярод жанчын – Марыя Жарнасек і Яўгенія Французава. У самым, на мой погляд, хуткім і актыўным відзе, пляжным футболе, першае месца ўзяла каманда з Міёраў.
Усе пераможцы атрымалі ўзнагароды падчас правядзення другой часткі фестывалю. На гарадскім стадыёне іх павіншаваў і уручыў прызы Сяргей Шматаў. Будзем спадзявацца, што у наступным годзе геаграфія фестывалю пашырыцца, і на пляжы сустрэнуцца яшчэ больш спартсменаў. Але галоўнае ў такіх гульнях нават не перамога, сустрэча з сябрамі пад ласкавым сонцам.

Галляш Сялява, фота аўтара.