Творчыя пошукі маладых музыкантаў

Общество

b_4aua05e08Наш горад хоць і невялікі, але і тут можна знайсці шмат цікавых людзей, апантаных музыкай розных накірункаў. У іх ёсць магчымасць заявіць пра сябе на музычных фестывалях, такіх як “Віва Браслаў”, “Жывое неба Браслава”, што збіраюць шмат моладзі. На апошнім, дарэчы, нядрэнна паказала сябе пачынаючая браслаўская група “Чортава вока”, у якой ужо з’явіліся свае прыхільнікі.
Група “Чортава вока” — гэта тры маладыя хлопцы, якія іграюць у асноўным у стылі панк-рок і грандж, але таксама практыкуюць змяшэнне розных музычных накірункаў. Назва групы камусьці падасца дзіўнай ці страшнай, але тлумачыцца такі выбар проста. Недалёка ад в. Літоўшчына ёсць аднайменнае возера, якое, па адных звестках, называецца “Божае вока”, а па другіх — “Чортава”. Таму хлопцы пасля доўгіх выбараў назвы групы спыніліся менавіта на гэтай.
Гісторыя ж “Чортава вока” пачалася тады, калі два маладыя хлопцы — вакаліст, гітарыст Сід і ўдарнік Галляш Сялява — спрабавалі свараць музыку ўдваіх. Дарэчы, яны самастойна навучыліся іграць на гэтых інструментах, набылі іх, як і астатнюю апаратуру, за ўласныя грошы. А пазней да іх далучыўся малады гітарыст Міхаіл Храпан. Хлопец сур’ёзна займаецца музыкай і нават набыў сабе прафесійную бас-гітару, наведвае ансамбль народных інструментаў, што дзейнічае пры ЦДМ. І з музыкай знаёмы не па чутках. Апантаныя марай стварыць музычную групу, яны з верасня мінулага года сталі рэпетыраваць разам.
З гэтага моманту і пачаўся адлік новай рок групы. Тэксты слоў і музыку хлопцы пішуць самі, а выконваюць выключна на беларускай мове. Сапраўдным эксперыментам можна лічыць адну з кампазіцый: уласную музыку хлопцы паклалі на верш Максіма Багдановіча. Атрымалася цікава і незвычайна.
Выступае група “Чортава вока” пакуль у межах раёна. У асноўным на мерапрыемствах у школах, летніх лагерах. Сваю творчасць дэманстравалі і на “Ночы музеяў”. Самым жа значным вопытам лічаць для сябе выступленне на фестывалі “Жывое неба Браслава”. Гэта быў дэбют на вялікай сцэне, і, дарэчы, неблагі.
Свае рэпетыцыі “Чортава вока” ладзіць у вячэрні час у ЦДМ. Кіраўніцтва ўстановы падтрымала маладых музыкантаў, і зараз хлопцам ёсць дзе займацца музыкай.
Планаў у маладой групы шмат. Магчыма, у хуткім часе ў групе з’явяцца новыя музыканты і інструменты. Таксама ёсць жаданне з’ездзіць на больш маштабныя музычныя фестывалі ў іншыя гарады і там паспрабаваць свае сілы.
Маладыя музыканты — гэта заўсёды свежыя погляды, ідэі і, вядома ж, свежае гучанне. Яны адкрытыя да ўсяго новага, цікавага і сучаснага. Таму, магчыма, назву гэтай групы мы яшчэ пачуем з вялікай сцэны. А пакуль жадаючыя могуць сустрэцца з калектывам і паслухаць іх музыку на “Фотасушцы”, якая пройдзе 10 жніўня каля музея традыцыйнай культуры.