Сакрэт яе непахіснасці

Люди

IMG_2537 (Small)Са шчырым пачуццём здзіўлення іду каля прыгожых акуратных кветнікаў, што стракацяць каля хаты Рэгіны Станіславаўны Ермалёнак у Даньках. Уразіла і сама гаспадыня — рухавая пасівелая жанчына гасцінна сустрэла і прапанавала традыцыйны сялянскі пачастунак і гарачую каву. Трэба бачыць, як яна спрытна паставіла чайнік, насыпала каву і цукар у кубак, дастала хлеб, сальца. І што з гэтага, запытаецеся вы. Ды ўсё б і нічога, каб…
Самыя трагічныя ўспаміны дзяцінства Рэгіны Станіславаўны — перадсмяротныя словы маці, звернутыя да родных. На той момант дзяўчынцы было ўсяго каля 9 гадоў.
Другая бацькава жаніцьба дрэнных змен у жыццё пяці дзяцей не прынесла, бо мачахай стала родная цётка. Але пяшчотнае слова “мама” ўжо не гучала ў сценах дома. Работы хапала на ўсіх — вялікая гаспадарка, 14 га зямлі, на якой вырошчвалі лён. Хоць адзінаццацігадовай дзяўчынцы работа і даставалася лягчэйшая, ды гадзінныя рамкі не скарачаліся.
У часы вайны немцы спалілі ўсю гаспадарку, бацька цудам пазбег расстрэлу. Голад, нястача, узнаўленне котлішча — ужо столькі вынесена і выпакутавана за невялікі жыццёвы шлях. Але ніхто не мог прадбачыць, што наперадзе сустрэнуць новыя цяжкія выпрабаванні.
— Ды і сама не ведаю, адкуль сілы на ўсё хапала, — сціпла прызнаецца суразмоўца.
Безумоўна, былі і радасць, і шчасце. Удалае замужжа, нараджэнне чатырох дзетак. Да таго ж прырода шчодра надзяліла жанчына надзелена энергічным характарам, працавітасцю і разнастайнымі творчымі здольнасцямі.
Без смачных страў, выпечкі і цудоўных тартоў Рэгіны Станіславаўны не абыходзілася ні адно вяселле ў ваколіцы. Паспявала ўпрыгожыць адзенне, бялізну і сурвэткі замыславатымі ўзорамі вышыўкі і рышэлье. І не толькі сабе. Навучылася абыходзіцца з фотаапаратам, сама і фотаграфіі рабіла. Адна з першых жанчын у свае 45 гадоў атрымала вадзіцельскае пасведчанне і амаль 20 гадоў спраўна кіравала “Жыгулямі”. Пры ўсім гэтым працавала ў калгасе і трымала вялікую гаспадарку.
Пакуль аднойчы… Ехала на веласіпедзе і сутыкнулася з грузавіком, у выніку чаго да самага пляча пазбавілася правай рукі.
— Калі ляжала ў рэанімацыі абласной бальніцы, — са слязьмі на вачах узгадвае сваю трагедыю Рэгіна Станіславаўна, — прасіла Маці Божую, каб забрала да сябе, але потым супакоілася, ды і родныя падтрымлівалі.
Здавалася б, дзеці ўжо ўладкаваліся, сама на заслужаным адпачынку — сядзі ціхенька каля акна і чакай унукаў у госці. Не здалася жанчына, не зламаў трагічны выпадак яе байцоўскі характар. Напачатку і ад каровы не адмовілася, а прыстасавалася даіць адной рукой. Ды каб толькі гэта. І ў падцвярджэнне сваіх слоў жанчына паказала фотаздымкі сямейных свят, дзе паўстала займаюць самаробныя тарты ў некалькі каржоў, упрыгожаныя каляровымі ружачкамі і мудрагелістымі ўзорамі.
Жыве Рэгіна Станіславаўна са сваім сынам, але, як і належыць, усю жаноцкую работу выконвае сама. Трэба сказаць, што далёка не ў кожнай гаспадыні такія дагледжаныя агароды.
— Сын толькі дапамог бульбачку пад рыдлёўку пасадзіць ды боб у зямлю пакідаць, — кажа, калі праходзімся з экскурсіяй па градах.
Вось за парніком з памідорамі даволі вялікі участак клубніц, побач — зялёная сочная цыбуля, разнастайная зеляніна, на сонейку ківаецца перчык. Ды і каля дома пасаджаны не самыя простыя кветкі. Усё вабіць вока. Глядзіш на гэтую прыгажосць і толькі дзіву даешся — у чым сакрэт.
— У малітвах, — упэўнена гаворыць Рэгіна Станіславаўна. — Кожны дзень звяртаюся да Бога і прашу за сябе, родных, за ўсіх грэшнікаў.
І гледзячы ў жывыя вочы гэтай сталай, але непахіснай жанчыны, міжвольна ўсплываюць у памяці словы рускага класіка, якія хочацца крыху перафразіраваць: “Ёсць жанчыны ў беларускіх сёлах”…

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
Рэгіна Ёрмалёнак у сваім кветніку.