Цікава жыць актыўна

Главное

IMG_4265 (Small)Хоць і працуе хлопец толькі год, але ўжо зарэкамендаваў сябе адказным, кваліфікаваным, добрасумленным работнікам. З такой характарыстыкі кіраўніцтва Браслаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пачалося знаёмства з маладым урачом-гігіеністам Аляксандрам Спургяшом (на здымку).
На першы погляд вельмі сур’ёзны малады чалавек аказаўся цікавым і гаваркім субяседнікам, у якога шмат захапленняў.
— Цікава жыць актыўна, чагосьці дасягаць, а не сядзець без справы, ці марнаваць час за камп’ютарам, — пачынае гутарку Аляксандр.
І не паспрачаешся. Малады спецыяліст мае добрую прафесію і любімую работу. У яго хапае часу і на працу, і на адпачынак, і на ўсе шматлікія захапленні.
Родам Аляксандр з Друі, таму і вярнуцца пасля размеркавання вырашыў у родныя мясціны. Яшчэ са школы пасябраваў з біялогіяй і хіміяй і прафесію марыў набыць медыцынскага профілю. Ды і бацькі падтрымлівалі яго, жадалі, каб сын стаў урачом, хоць самі і працуюць у зусім іншых сферах, бацька — бухгалтарам, а маці — бібліятэкарам.
Мэтанакіравана, з класа ў клас ён рыхтаваўся паступаць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. А пасля заканчэння школы, каб быць упэўненым у сваёй будучыні і першым месцы працы, узяў накіраванне ад РайЦГіЭ. Так ён стаў студэнтам медыка-прафілактычнага факультэта.
Гады вучобы праходзілі хутка і цікава. Аляксандр не толькі добра вучыўся, але і ўдзельнічаў у грамадскім жыцці ўніверсітэта, быў членам савета інтэрната і фотакарэспандэнтам.
На Браслаўшчыну ён вярнуўся падрыхтаваным спецыялістам, а калектыў РайЦГіЭ з радасцю прыняў маладое папаўненне. Дапамога, падтрымка калег па працы, вопыт, якім яны дзяліліся, бясцэнны.
— Тэарэтычныя веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, былі замацаваны практычна, бо для ўрача гэта вельмі важна, — дзеліцца Аляксандр. — Да любога з калег магу звярнуцца з пытаннем, і яны абавязкова дапамогуць, растлумачаць, у спрэчным моманце заўседы падкажуць, як быць.
Малады спецыяліст, паспяхова прайшоў інтэрнатуру і заняў пасаду ўрача-гігіеніста. Зараз ён курыруе такі напрамак, як камунальная гігіена, але працуе і ў іншых накірунках. І, трэба сказаць, са сваімі абавязкамі спраўляеца паспяхова. Ва ўсіх складанасцях працы стараецца дасканала разабрацца, а для гэтага вывучае новыя законы і дакументы. І, як прызнаецца, работа яму спадабаецца.
Вольны ад працы час Аляксандр аддае любімым заняткам. Ён любіць вандраваць на веласіпедзе ці на сваім аўто, аб’ехаў ужо амаль усю краіну. Сярод яго захапленняў рыбалка, ігра на гітары і фартэпіяна, па класе якога ён скончыў музычную школу. А яшчэ ад маці Аляксандру дастаўся добры голас, і ён з задавальненнем спявае. Прымае і актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна. Хлопец выступае разам з калектывам “Панадворку”, у склад якога нядаўна трапіў, срабаваў свае сілы ў музычным конкурсе песні пад гітару “Я спяваю…”, аглядзе-конкурсе “Родныя спевы над Белай Руссю”. У апошнім, дарэчы, ён заняў 2 месца. Таксама ў складзе каманды абараняў гонар нашага раёна на абласным турзлёце, які праходзіў у чэрвені. Такія вось рознабаковыя інтарэсы ў маладога спецыяліста.
Да канца адпрацоўкі часу яшчэ шмат. І пра тое, ці застанецца Аляксандр на першым месцы працы, ён не загадвае. Работа спадабаецца і прыносіць задавальненне, але, як і ў многіх маладых спецыялістаў, ёсць жыллёвая праблема. Зняць кватэру дорага, а летам амаль немагчыма з-за наплыву турыстаў. Таму хлопцу даводзіцца кожны дзень ездзіць з Друі ў Браслаў на працу. А між тым раёну неабходны граматныя і кваліфікаваныя спецыялісты.