Прафесія па душы

Люди

IMG_4172 (Small)Бадай, рэдка хто з нас не сутыкаўся з такой праблемай, калі вылечыць зуб ужо немагчыма, яго трэба выдаляць. Тады паход у кабінет урача стаматолага-хірурга адкладваецца да апошняга моманту, але ж усё роўна выйсця іншага не бывае, бо зубны боль трываць проста немагчыма.
Чамусьці заўсёды ўяўляла на месцы ўрача такой спецыялізацыі моцнага мужчыну, бо работа гэта патрабуе і фізічнай, і псіхалагічнай нагрузкі. Але калі пазнаёмілася з цяперашнім урачом-стаматолагам у Браслаўскай ЦРБ Таццянай Рыкун, маё меркаванне зусім змянілася. Гэтая маладая абаяльная жанчына са сваімі абавязкамі спраўляецца проста выдатна, і ёй падабаецца прафесія.
Сама Таццяна родам з Урбан, з сям’і, у якой ніхто і ніколі не быў урачом. На яе ж выбар прафесіі паўплывала ў нейкім сэнсе настаўніца мясцовай школы Тарэза Сільмановіч, якая выкладала хімію і біялогію. Дзяўчынцы вельмі падабаліся гэтыя прадметы, іх яна ведала на выдатна. Таму ў Віцебскі медыцынскі інстытут паступіла з першага разу. У час вучобы двойчы прыязджала на практыку ў хірургічны кабінет стаматалагічнага аддзялення ЦРБ, хоць можа і зубы лячыць, і займацца пратэзіраваннем. Інтэрнатуру Т. Рыкун праходзіла ў Паставах, туды трапіла па размеркаванні. Але калі выйшла замуж, вярнулася на Браслаўшчыну, бо муж яе служыць у МНС. Акурат так склаліся абставіны, што ў ЦРБ вызвалілася месца ўрача стаматолага-хірурга. І вось ужо больш за год малады спецыяліст працуе тут.
Кіраўніцтва бальніцы і пацыенты, з якімі давялося пагутарыць, адгукаюцца пра Таццяну вельмі цёпла. Адзначаюць яе прафесіяналізм, ветлівасць, карэктнасць. Умее яна знаходзіць агульную мову не толькі з дарослымі пацыентамі, але і маленькімі, якіх бывае нямала. Дзеткі ў крэсле ўрача рэдка плачуць, не ўстройваюць істэрыкі, бо калі доктар выдаляе ім зуб, нават і спужацца не паспяваюць. Таццяна жартуе, што многія затым пры сустрэчы на вуліцы вітаюцца і ўсміхаюцца.
Таццяна Рыкун марыць, што некалі ў яе кабінеце з’явіцца сучаснае абсталяванне, і можна будзе займацца імпланталогіяй. Яна лічыць, што такая паслуга будзе запатрабаванай сярод браслаўчан, бо не трэба будзе ездзіць у той жа Мінск ці яшчэ куды.
У дзень яна цяпер прымае ў сярэднім крыху больш за 20 чалавек. Як прызнаецца, многіх памятае ў твар і з якімі праблемамі да яе звярталіся.
Урач мае сям’ю, таму можна спадзявацца, што і надалей застанецца працаваць на Браслаўшчыне. Як кажуць, дзе нарадзілася, там і згадзілася.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.