Перамагчы і ўзняцца

Люди

IMG_2531 (Small)Жыццёвы шлях ніколі не бывае роўным і гладкім. На ім заўсёды сустракаюцца знешнія і ўнутраныя перашкоды. Для кожнага чалавека яны асабістыя. Толькі адны пасуюць і апускаюць рукі перад простымі і зусім нязначнымі праблемамі. А іншыя ўзнімаюцца, нават тады, калі трагедыя падзяліла іх жыццё на “да” і “пасля”. Як і Аляксандр Гарбуноў.
Ён даўно прыцягнуў да сябе маю ўвагу. Кожны дзень, нягледзячы на надвор’е, яго можна сустрэць, паціху тупаючым па тратуары, або ўбачыць на лавачцы ці ў магазіне “Бярэжжа” за столікам з альбомным лістом і алоўкам у руках.
З цікавасцю пры магчымасці зазірала ў яго, трэба сказаць, выдатныя графічныя малюнкі і заўсёды сутыкалася з прыветлівымі, жыццярадаснымі вачамі. Менавіта ветлівы погляд Аляксандра і падштурхнуў да размовы.
Яшчэ ў школе хлопец моцна сябраваў са спортам і ўвесь вольны час з задавальненнем аддаваў трэніроўкам. Таму і з будучай прафесіяй вызначацца не было патрэбы: загартаваны юнак адразу паступіў у інстытут фізічнага выхавання.
Гады вучобы прыпалі на неспакойны перыяд перабудовы вялікай краіны. Многіх энергічных і рызыкоўных людзей закруціў калаўрот чужой і незразумелай для нас “камерцыйнай дзейнасці”. Ды і дзейнасцю гэта цяжка назваць. Так, уварваў — купіў — перапрадаў. Трапіў у гэты бурлівы вір і студэнт Аляксандр.
— Ужо на трэцім курсе, — з цяжкасцю пераадольваючы паслятраўматычны дэфект маўлення, працягвае сваё апавяданне А. Гарбуноў, — пачаў зарабляць немалыя грошы.
Ішоў час. Аляксандр нават самастойна набыў у сталіцы кватэру. З’явілася сям’я, нарадзіўся сын. Але праз сем гадоў сямейны ачаг патух. Без хітрыкаў расказаў мужчына і пра сваё доўгае і трывалае “сяброўства” з зялёным змеем.
Што ж, ўсе маюць жыццёвыя памылкі, свае шкілеты ў шафе. Кожнаму прызначаны і асабістыя выпрабаванні. Здарылася трагедыя і з Аляксандрам. Пасля жорсткай бойкі ў яго нават аднялася мова, але па медыцынскую дапамогу паранены звяртацца не стаў. І толькі праз чатыры дні маці, якая прыехала да сына ў Мінск, адвезла яго ў бальніцу. Але каштоўны час быў згублены, і ўжо на бальнічным ложку адняліся рукі і ногі.
Пачаўся доўгі і цяжкі працэс рэабілітацыі.
— Амаль два гады, — кажа Аляксандр, — не хапала сілы волі, каб пачаць фізічныя практыкаванні.
Але побач быў самы дарагі сэрцу чалавек — маці, якая разам з сынам змагалася з яго фізічнымі і духоўнымі выпрабаваннямі. Нават самыя маленькія зрухі ў бок рухальнай актыўнасці прыносілі незвычайную радасць абодвум.
Безумоўна, для любога чалавека такі ўдар лёсу — цяжкае і жудаснае выпрабаванне. Сумненні, нядобрыя думкі, горыч, жаданне патапіць сваё гора ў чарцы. Праз усё гэта прайшоў і Аляксандр. Але трывалай падтрымкай у барацьбе з самім сабой была і застаецца маці.
— Яна самая ласкавая, прыгожая і залатая, — з удзячнасцю і бязмернай павагай да маці прызнаецца А. Гарбуноў. — Толькі адзін працэнт уклаў сам у сваё ўваскрэсенне, астатняе — маці.
Зараз у Аляксандра не дзейнічае правая рука, з цяжкасцю перастаўляюцца ногі, складана размаўляць. Тым не менш ён у свае 53 гады з аптымізмам глядзіць на жыццё, заўсёды ўсміхаецца і нікога не вінаваціць у сваіх бедах. У дождж, завіруху і спёку выпраўляецца на прагулку, летам бавіць час на пляжы, з задавальненнем наведвае тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, дзе знайшоў спагадлівых чуллівых памочнікаў і добрых таварышаў. А прыхільнасць да малявання — яшчэ адна падстава бачыць вакол сябе прыгожае і дзяліцца гэтым з іншымі.

Алена Пятушка. Фота аўтара. Аляксандр Гарбуноў за любімым заняткам.