Маладосць. Рызыка. Перамога.

Главное

456456Часта ад нашых маладых людзей можна пачуць, што на Браслаўшчыне, маўляў, няма чаго лавіць у плане працаўладкавання. Зарплаты нізкія, а прэстыжныя месцы працы можна пералічыць па пальцах адной рукі. Аднак ёсць і тыя, хто адразу закасаў рукавы і мэтанакіравана працаваў над стварэннем сваёй ўласнай справы. Зараз за плячамі ўсіх ужо набыты вопыт, ім ёсць што сказаць у адказ тым, хто шукае лепшай долі па-за межамі раёна. Карэспандэнт “Браслаўскай звязды” Вячаслаў Каладынскі звярнуўся да маладых індывідуальных прадпрымальнікаў нашага горада з пытаннем, ці можна ў нас годна рэалізаваць сябе і што для гэтага патрэбна.
Дзмітрый Бабінскі, рознічны гандаль аўтазапчасткамі:

Вядома, можна. Абірайце падыходзячы для сябе від дзейнасці і працуйце. Галоўнае, каб занятак быў па душы, а ўсе нюансы заканадаўства, афармлення і падаткаабкладання – справы вырашаемыя. Так, часта патрэбны стартавы капітал, існуюць цяжкасці з напрацоўкай кліентаў і партнёраў, сезоннасцю работы – гэта трэба мець на ўвазе. Аднак ні ў якім разе не варта спыняцца на дасягнутым. Я ўпэўнены, што заўсёды ёсць накірункі для развіцця. Што тычыцца асабістых уласцівасцей, то ў чалавека, які вырашыў заняцца сваім бізнесам, павінна быць прадпрымальніцкая жылка. Трэба быць вядучым, а не вядомым, мэтанакіраваным і нават крыху нахабным.
Дзяніс Багдановіч, дырэктар ПУП “Белая кропка”: Рэалізаваць сябе, безумоўна, можна. Трэба толькі паставіць мэту і ўпарта ісці да яе. Без цяжкасцей не абысціся – гэта факт. А ўвогуле самае галоўнае – не баяцца спрабаваць, бо седзячы на месцы і мяркуючы, што было б нядрэнна зрабіць тое і тое, нічога не дасягнеш.
Ганна Цітовіч, рознічны гандаль парфумерыяй і касметыкай:

Было б жаданне, а праявіць сябе можна ў любым месцы і ў любой справе. Галоўнае – выбраць занятак, які б вы палюбілі, сабраць пэўную першапачатковую суму – і можна ўвасабляць задуманае ў жыццё. Мне даводзіцца шмат працаваць непасрэдна з людзьмі, таму на першы план выходзяць такія асабовыя якасці, як таварыскасць, здольнасць хутка і правільна зразумець кліента, цярпенне. Таксама прадпрымальніку не абысціся без працавітасці і ўпартасці. А ўвогуле любіце сваю справу, не ляніцеся, і поспех прыйдзе.
Галляш Сялява, рэклама і дызайн:

Каб стаць прадпрымальнікам, перш за ўсё патрэбна разумная галава і ні кроплі ляноты. Лічу Браслаўшчыну залатым полем для развіцця бізнесу: ідэй вельмі шмат. Але прыдумаць нешта цікавае недастаткова, трэба сістэматызаваць думкі, прыкласці намаганні для ўвасаблення задуманага ў рэальнасць. Кажуць, першапачатковае значэнне маюць грошы, аднак граматны бізнес-план і надзейныя партнёры побач нічым не менш важныя, чым капітал. Пры наяўнасці ўсіх гэтых складальнікаў можна, як кажуць, і горы звярнуць. Было б жаданне і ўпартасць у дасягненні сваёй мэты.
Вячаслаў Ігнатоўскі, арганізацыйныя паслугі:

Я ўпэўнены, што рэалізаваць сябе можна ў любым горадзе. І Браслаў – не выключэнне. Для дасягнення поспеху неабходны некаторыя ўмовы. Па першае, адкрытасць да ўсяго новага. Паспяховыя людзі заўсёды шукаюць новыя ідэі, уражанні, знаёмствы, кнігі. Па другое, упэўненасць у сабе і сваіх сілах. Варта верыць, што сваё жыццё можна змяніць, прычым часта – ужо сёння. Па-трэцяе, працавітасць. Трэба любіць тое, што робіш, ці як мінімум ставіцца да свайго занятку з павагай. У свеце бізнесу заўсёды трэба кантактаваць з вялікай колькасцю людзей, падтрымліваць дамоўленасці, адказваць за свае словы. Удзельнічайце ў сваім жыцці, і ў вас абавязкова ўсё атрымаецца!