Дзень моладзі на “Славянскім базары”

Главное

unnamed (1)У мінулую суботу, 12 ліпеня, у рамках “Славянскага базару” прайшоў Дзень моладзі. Гэты дзень фестывалю стаў адным з самых запамінальных. Многія сцэнічныя пляцоўкі былі аддадзены маладым, творчым і крэатыўным людзям з самых розных куткоў Беларусі і не толькі.
Дзень моладзі ўжо некалькі гадоў нязменна ўключае ў сабе вялікую колькасць мерапрыемстваў: парад маладзёжных субкультур, свята “Агонь танца”, фэст “Скарбонка талентаў”, спартыўныя спаборніцтвы, рыцарскія турніры, музычную бітву дзі-джэяў і многае іншае.
Браслаўчане не засталіся ў баку ад значнай падзеі. Актывісты з ліку навучальнай і працуючай моладзі – усяго 13 чалавек – сталі ўдзельнікамі грандыёзнага маладзёжнага свята і на свае вочы пабачылі ўвесь яго размах. Браслаўскія хлопцы і дзяўчаты ў складзе святочнага шэсця прайшлі па цэнтральных вуліцах Віцебска, усклалі кветкі да мемарыяла загінуўшым воінам. Пазней жа кожны змог выбраць сабе занятак па душы. Паглядзець сапраўды было на што: велатрыялісты, джамперы, скейтбардысты, ролеры, брэйк-дансеры, графіцісты, хіп-хоп выканаўцы і прадстаўнікі многіх іншых маладзёжных субкультур на радасць гледачоў спаборнічалі адзін з адным, дэманструючы свае лепшыя ўменні ў названых сферах.
Па словах галоўнага спецыяліста Браслаўскага райкама БРСМ Святланы Лапыр, якая ўзначальвала нашу дэлегацыю, свята атрымалася захапляльным. Браслаўчане прывезлі дамоў выключна выдатныя ўражанні, пабачылі старых сяброў і сустрэлі новых. “Адным словам, Дзень моладзі прайшоў дружна і весела,” – рэзюмавала Святлана.
Вячаслаў Каладынскі.