Малады, актыўны, ініцыятыўны

Люди

водопад миорский район (Small)Цяпер сярод маладых людзей у Браславе становіцца больш і больш прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Ісці па вуліцы з бутэлькай піва зусім сёння не модна і не папулярна. А вось ехаць на крутым веласіпедзе, які іншы раз каштуе не менш за патрыманы аўтамабіль, нават прэстыжна.
Старшы оперупаўнаважаны РАУС аддзялення БЭЗ Аляксандр Сігайла менавіта з ліку такіх маладых людзей.
Нарадзіўся і вырас ён у сям’і ваенных. І маці, і бацька прысвяцілі гэтай прафесіі ўсё сваё жыццё. Вырашыў не здраджваць сямейнай традыцыі і сын. Пасля заканчэння школы паступіў у акадэмію МУС, паспяхова яе закончыў і па размеркаванні ў 2003 годзе трапіў на службу ў крымінальны вышук у Браслаў.
Аднак сёння не буду гаварыць пра службовыя поспехі ці нейкія часовыя няўдачы Аляксандра Сігайлы. Яго ў Браславе ведаюць многія як заўзятага аматара спорту.
Па яго ўласным прызнанні, калі яшчэ сям’я жыла ў Мурманску, не ўяўляў свайго жыцця без бегу на лыжах. Пазней у акадэміі займаўся самба, дзюдо, тайландскім боксам. Аляксандру пашчасціла трапіць у клуб “Сінцеа” і асвойваць азы гэтых відаў спорту ў вядомага на ўсю краіну і не толькі трэнера Юрыя Булата.
Менавіта гэтыя заняткі, як расказвае Аляксандр, загартавалі яго характар, выпрацавалі самадысцыпліну, настроілі на здаровы лад жыцця.

Фізічная загартоўка з’яўляецца неад’емнай часткай службы супрацоўнікаў міліцыі. Менавіта ад яе ў многіх выпадках залежыць боегатоўнасць органаў унутраных спраў. Аляксандр Сігайла на працягу амаль пяці гадоў удзельнічаў у розных спаборніцтвах за калектыў Браслаўскага РАУС і паказваў добрыя вынікі па здачы залікаў.
Яго ўпартасці, мэтанакіраванасці, вытрымцы зайздросцілі па-добраму нават многія калегі па службе.
Гадоў шэсць таму назад Аляксандр захапіўся воднымі лыжамі летам, зімой – горнымі. З задавальненнем у залежнасці ад пары года ён катаецца на роліках ці каньках. Нядаўна купіў веласіпед. І з гэтым набыццём у Аляксандра з’віліся новыя сябры, якіх ён знайшоў “ВКонтакте”. Усё гэта людзі, якіх вабяць веласіпедныя падарожжы па родным краі, адкрыццё новых цудоўных месц, бо да таго ж А. Сігайла здымае ўсё на відэакамеру.
Ён мае свой відэаканал на youtube.com.
Яшчэ адной старонкай у біяграфіі гэтага маладога чалавека сталі пастаянныя заняткі пасля службы ў РАУС у трэнажорнай зале ДЮСШ. Праўда, з’явілася яна не выпадкова. Узніклі праблемы з пазваночнікам. Дзякуючы рэкамендацыям урача-неўрапатолага Ігара Козела і кансультацыям сталічных урачоў для лячэння была распрацавана спецыяльная нетрадыцыйная методыка. І яна дае сёння станоўчы эфект.
“Калі яшчэ 2 гады таму назад жым штангі ў стане лежачы,— расказвае Аляксандр, — рабіў 80 кг, то цяпер ўжо 115”. І такіх прыкладаў відавочных зрухаў у фізічным стане гэтага маладога чалавека нямала.
Адметна і тое, што і яго жонка Марысабэль таксама падзяляе ўсе захапленні свайго мужа., падтрымлівае яго ва ўсім. Праўда, сама больш робіць стаўку на лёгкую атлетыку, тым больш калі ўлічыць, што сям’я Сігайлаў чакае ў самы бліжэйшы час папаўнення.

Зінаіда Палулех.
Фота з архіва
Аляксандра Сігайлы.