Для зручнасці памежных жыхароў

Главное

IMG_2479 (Small)Не сакрэт, што лёсы жыхароў Браслаўшчыны і Латвійскага прыгранічча цесна звязаны кроўнымі і сяброўскімі вузамі. Шмат людзей па розных прычынах перасякаюць мяжу, асабліва з латвійскага боку пасля ўвядзення спрошчанага прыгранічнага руху. Гэта і стала адной з падстаў распрацоўкі сумеснага праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Стварэнне ўмоў для даступнасці пазагранічнага першаснага абслугоўвання на тэрыторыі Даўгаўпілскага краю і Браслаўскага раёна”, каб людзі памежжа, якія прыехалі ў суседнюю краіну, пры неабходнасці маглі атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу.
І як адзначыў галоўны ўрач раённай бальніцы Аляксандр Макарэвіч, для гэтага ўжо шмат зроблена. Так, на сённяшні дзень кабінеты і калідоры паліклінікі абсталяваны новай зручнай мэбляй на суму 213,3 млн. руб. Набыты крэслы, шафы для адзення, металічныя для дакументаў, камп’ютарныя сталы, лаўкі для наведвальнікаў, медыцынскія кушэткі, халадзільнікі для захоўвання медыкаментаў. Для зручнасці абмену патрэбнай інфармацыяй пра пацыентаў з латвійскімі калегамі ўстаноўлена 29 новых камп’ютараў і сэрвер, 7 мультымедыйных устройстваў коштам 275 млн. руб.
На афіцыйных сайтах Браслаўскай і Даўгаўпілскай бальніцах будзе размешчана інфармацыя пра ўрачоў, да якіх можна звярнуцца па кансультацыю.
Падпісаны дагавор з ГАА “Пліса – Інвест” Віцебскага раёна на будаўнічыя работы па мадэрнізацыі ўваходнай групы ў паліклініку і добраўпарадкаванні сумежнай тэрыторыі. У рамках праекта для гэтага выдзелена каля 1 мільярда 200 млн. руб., паведаміў А. Макарэвіч.
На дадзеным этапе вядзецца дэмантаж старога ўваходу, што, безумоўна, стварае часовыя нязручнасці для пацыентаў. Аднак замест яго з’явіцца сучасная ўваходная група з пандусамі, поручнямі, дарожкамі і навесамі, пляцоўкамі для высадкі пацыентаў з абмежаванымі магчымасцямі, для іх жа плануецца адаптаваць туалет на першым паверсе дзіцячай кансультацыі.
Безумоўна, будынак паліклінікі значна зменіцца ў лепшы бок, але галоўнае — будзе адпавядаць усім належным умовам па стварэнні безбар’ернага асяроддзя. І ў канцы верасня мясцовыя жыхары і госці Браслаўшчыны адчуюць на сабе ўсе вартасці гэтага праекта.

Алена Пятушка.