Адпачыць цікава і карысна

Главное

IMG_2442 (Small)Тры цудоўныя летнія месяцы можна правесці весела і запамінальна, але арганізаваны адпачынак, несумненна, прынясе школьнікам больш карысці. Высветліць, чым займаюцца дзеці ў прышкольных лагерах, карэспандэнт газеты адправіўся ў рэйд разам з супрацоўнікамі аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Наш шлях ляжаў у відзаўскім накірунку. Лагеры, дзе мы пабывалі, ваенна-патрыятычнага профілю і цесна супрацоўнічаюць з бліжэйшымі пагранпастамі. І такіх баз адпачынку сёлета 10, што тлумачыцца прыгранічным размяшчэннем нашага раёна.
Дзевяцідзённы аздараўленчы кругласутачны лагер палатачнага тыпу вучняў з Мяжан размясціўся на тэрыторыі былой Баравіцкай школы. Гэта першая спроба адміністрацыі ўстановы адукацыі арганізаваць для сваіх вучняў адпачынак па-за сценамі ўласнага будынку.
Дзеці адразу наперабой пачалі расказваць пра цікавыя, вясёлыя, запамінальныя мерапрыемствы, цудоўныя вечары каля вогнішча, прыгадалі сустрэчу з пагранічнікамі паста “Карасіна” і ў адзін голас упэўнілі, што дадому зусім не хочуць.
Кожны дзень у лагеры тэматычны — забаўляльныя праграмы, марафоны, спартыўныя гадзіны, асобным радком — мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю вызвалення Беларусі.
Наступны прыпынак — Відзаўская школа, якая пад сваім дахам гасцінна прытуліла наведвальнікаў лагера дзённага знаходжання “Юныя сябры пагранічніка”, а ў навучальны перыяд тут дзейнічае аднайменнае аб’яднанне па інтарэсах.
Не адзін год доўжыцца супрацоўніцтва школы з ваеннаслужачымі пагранічнага паста “Відзы”, якое перарасло ў трывалае сяброўства.
Наша рабочая група якраз трапіла на свята “Прысвячэнне ў юныя сябры пагранічнікаў”.
Пасля пастраення на пляцы школьнікі па-вайсковаму далі клятву, затым прапаршчык пагранпаста “Відзы” Юрый Бічэль уручыў вучням пасведчанне юных сяброў пагранічнікаў і шэўроны, а лідар атрада — Лізавета Жарнасекава атрымала фуражку камандзіра.
З дапамогай настаўнікаў распрацаваны сцяг і герб атрада, набыты банданы на галовы ахоўнага колеру. Засталося прыдбаць адпаведную форму, на якую, на жаль, не хапае сродкаў, таму адміністрацыя школы звяртаецца да спонсараў, якія могуць дапамагчы дзецям у поўнай меры адчуць сябе пагранічным атрадам.
Цікава і насычана праходзяць летнія дні ў кругласутачным лагеры з дзевяцідзённым знаходжаннем пры Казянскай школе. На час нашага прыезду школьнікі падарожнічалі па мясцовых ваколіцах. Таму начальнік лагера Валянціна Падгайская паведаміла, што ў лагеры ў асноўным дзеці з няпоўных і шматдзетных сямей. План мерапрыемстваў насычаны разнастайнымі конкурсамі, турнірамі, гульнямі, прафілактычнымі гутаркамі, працоўнымі дэсантамі, наведвалі вучні і пагранпост “Казяны”. Кожны вечар падводзяцца вынікі і самыя актыўныя ўдзельнікі атрымліваюць прызы — школьныя канцылярскія прылады.
У абавязковым парадку ва ўсіх прышкольных лагерах праходзіла акцыя “Канікулы без дыму і агню”, накіраваная на супрацьпажарную сітуацыю.
Нават пасля наведвання толькі 3 лагераў, ацэнкі іх дзейнасці, якую дала рабочая камісія, можна з упэўненасцю сказаць, што падлеткі пад кантролем педагогаў заняты карыснымі і цікавымі справамі, забяспечаны паўнавартасным харчаваннем.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_2449 (Small)