Падарожжа па прыбалтыйскім пабярэжжы

Главное

IMG_3264 (Small)Азнаямляльны тур па новых аб’ектах і накірунках турызму Літвы для прадстаўнікоў СМІ прайшоў з 23 па 27 чэрвеня. У ім прынялі ўдзел 13 журналістаў Беларусі. У асноўным яны прадстаўлялі тэлевізійныя каналы нашай краіны, друкаваныя ж сродкі масавай інфармацыі былі прадстаўлены толькі газетамі “Полацкі веснік” і “Браслаўская звязда”.
Тур арганізавалі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і пасольства Літоўскай Рэспублікі ў РБ, дэпартамент гэтай краіны па турызме і эканоміцы.
Пачалося наша падарожжа са знаёмства з Клайпедай. Некалі гэты горад называлі Мемеле. Па колькасці жыхароў ён трэці ў Літве пасля Вільнюса і Каўнаса і лічыцца самым буйным портам. Два дні, праведзеныя там, запомняцца надоўга шматлікімі экскурсіямі, наведваннем розных турыстычных аб’ектаў. Аднак сёння не пра гэта.
Хочацца адзначыць арганізацыю веласіпеднага адпачынку. У розных кропках можна ўзяць на пракат веласіпеды, пафарбаваныя ў аранжавы колер. Аднак не абавязкова іх дастаўляць туды, дзе ўзялі. Гэтыя сродкі руху можна пакінуць у іншых месцах, дзе ёсць такія ж пункты пракату.
Уздоўж пабярэжжа, што ў Клайпедзе, так і ў Нідзе, Юордкардзе для веласіпедыстаў веласіпедныя дарожкі пафарбаваны ў чырвоны колер, і для звычайных пешаходаў гэта забароненая зона.
Наведалі мы і хату рыбака. Гэта нешта накшталт нашых аграэкасядзіб, але яны ў Літве комплексныя – з гасцініцай, рэстаранам ці кафэ, саўнай.
Пашчасціла нам пабыць і ў Нідзе. Гэты горад славіцца самай вялікай колькасцю сонечных дзён у годзе. І ў гэтым мы змаглі пераканацца, бо калі прыехалі ў Літву тэмпература паветра была ўсяго 11 градусаў, а па прыездзе ў Ніду ярка засвяціла сонейка і значна пацяплела. У гэтым горадзе ёсць “Марскі музей” і “Шоу дэльфінаў”, мо таму сюды і прыязджае столькі многа турыстаў.
Ніда дазволіла адчуць непаўторнае дыханне мора, раскалёны пясок дзюнаў на аазісе Курскай касы.
Яшчэ адной адметнасцю гэтага месца з’яўляюцца флюгеры ў выглядзе парусных суднаў. Некалі кожны пасёлак меў на флюгеры свой адметны знак, які быў накшталт герба. Цяпер жа флюгеры з’яўляюцца проста ўпрыгажэннем.
Дэгустацыя свежай вэнджанай рыбы таксама не пакінула нікога з нашага прэс-тура раўнадушным. Капцільня гаспадара знаходзіцца непасрэдна на тэрыторыі кафэ. Людзі з розных куткоў Ніды прыязджаюць сюды за свежай вэнджанай рыбай на веласіпедах, бо ўжо неаднойчы ўпэўніліся ў якасці і смаку гэтай прадукцыі.
Дарэчы, хачу зазначыць, што ў гэтым горадзе ў асноўным толькі пешаходныя экскурсіі. На аўтамабілях дазволена ездзіць мясцовым жыхарам і экскурсійным аўтобусам.
У Літве, як і ў нас у Беларусі, сапраўдным бедствам з’яўляюцца дзікі і бакланы. Дзікі прыходзяць на падвор’і і шкодзяць пасевы, а бакланы практычна знішчылі вялікую частку лесу на пабярэжжы.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.
(Працяг будзе).