Парадавалі дынамічнай музыкай

Новости

IMG_2426 (Small)У гэтым упэўніліся ўсе, хто прыйшоў у мінулую пятніцу на Замкавую гару. Сёлета арганізатары музычнага фестывалю рок-, блюз- і джаз-музыкі, а гэта яго натхніцель і барабаншчык групы “Сі-4” Сяргей Садоўскі і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, падышлі да правядзення мерапрыемства не толькі з большым размахам, але і са свежымі ідэямі. Таму, нягледзячы на сюрпрызы ад прыроды ў выглядзе невялікага дажджу, фестываль атрымаўся такім, якім і павінен быць сапраўдны рок-фестываль пад адкрытым небам. 16 калектываў з Беларусі і Расіі зараджалі драйвам публіку, у ліку якой былі прадстаўнікі з розных гарадоў нашай краіны, а таксама з Расіі, Літвы, Латвіі і Украіны. Многія з іх прыехалі спецыяльна на гэтае яркае відовішча.
Безумоўна, такому маштабнаму мерапрыемству папярэднічала вялікая і адказная арганізацыйная работа. Прадумаць кожную дэталь, знайсці спонсараў, абсталяваць на высокім узроўні сцэну музычнай апаратурай, маральна падрыхтавацца да розных нечаканасцей. Таму не дзіўна, што апошні тыдзень перад вызначаным днём Сяргею Садоўскаму было, як кажуць, не да сну. Але гэта таго варта, і намаганні ўвянчаліся поспехам.
З прывітальнай прамовай падчас адкрыцця рок-фестывалю выступіў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Удзельнікам канцэрта ён пажадаў удалага выступлення, а слухачам добрай музыкі і ўручыў кожнай групе памятныя сувеніры.
І вось загучала першая музычная кампазіцыя ў выкананні Юліі Глебавай і групы “Час Speak”. А далей пайшло–паехала. Музыканты радавалі гасцей дынамічнай жывой музыкай, якая зараджала бадзёрасцю і пазітыўнасцю публіку. Дзякуючы моцнай выдатнай апаратуры, было чуваць кожны інструмент, вакал і бэк-вакал.
Браслаў прадстаўлялі тры групы: “Чортава вока” — маладыя экспрэсіўныя музыканты, “Leisver” і “Сі — 4”, якія выканалі вядомыя кампазіцыі савецкага і замежнага рока, а таксама пераможца конкурсу гітарнай песні “Я спяваю” Міхаіл Героеў са сваімі сябрамі Леанідам Лаўрыновічам і Мікалаем Красоўскім. Пасля выступлення М. Героеў падзяліўся сваімі ўражаннямі:
— Безумоўна, выходзіць на сцэну было страшнавата, бо спяваць “у жывую” цікава і адказна, але з першымі акордамі хваляванне адступае і цябе захоплівае моцная пазітыўная энергетыка.
Удвая пашчасціла гасцям фестывалю, чые лічбы на папяровых бранзалетах, якія выдавалі на ўваходдзе разам з білетамі, супалі з выйгрышнымі нумарамі латарэі. Сярод прызоў былі ўпакоўкі «Лідскага піва і напіткаў» — партнёра мерапрыемства, майкі з лагатыпам фестывалю. Але найбольш пашанцавала браслаўчанцы Наталлі Шульга, якой дастаўся галоўны прыз — вялікі плазмены тэлевізар фірмы “ Soni”. Безумоўна, такім паваротам лёсу шчаслівіца была вельмі задаволена і выказала толькі станоўчыя ўражанні ад энергічнага мерапрыемства.
Падчас фестывалю на Замкавай гары дзейнічала выстава-продаж сувенірных і рамесных вырабаў клуба “Ля возера”.
Усю ноч працавалі некалькі летніх кафэ, дзе можна было падсілкавацца піцай, смажанкамі, здобай, наталіць смагу квасам ці півам ад партнёраў ААТ “Лідскае піва” або, наадварот, сагрэцца гарачымі напіткамі, што арганізавала райпа. А супрацоўнікі Відзаўскага каледжа прапаноўвалі жадаючым духмяную юшку, апетытныя гарачыя шашлыкі і каўбаскі. Таму застацца галодным шанцаў не было ні ў кога.
Пакуль бацькі слухалі канцэрт, дзеці мелі магчымасць пабегаць па Замкавай гары, пакаштаваць салодкую вату, пагуляць у разнастайныя гульні.
Як ўжо адзначалася, фестываль сабраў гледачоў з розных краін. Настрой маладых відаць простым вокам. Таму маё пытанне пра арганізацыю фестывалю і ўражанні ад яго было адрасавана людзям больш сталага ўзросту. Усе яны дзякавалі арганізатарам і музыкантам за магчымасць вярнуцца ў маладосць і праслухаць любімыя песні. Да таго ж рэспантэнты адзначалі высокі ўзровень падрыхтоўкі мерапрыемства і выказвалі пажаданне прыехаць сюды ў наступным годзе.
А рок-фестываль “Жывое неба Браслава”, які аб’яднаў вакол сябе аматараў добрай жывой музыкі, плаўна перайшоў у начную дыскатэку ад “BRASLOVE PROMO”.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.